|
|
Сьвятлана Алексіевіч адзначаная за кнігу „У вайны не жаночы твар”, якая расказвае пра лёсы франтавых савецкіх жанчын. (ФОТА)
Сьвятлана Алексіевіч, атрымліваючы ўзнагароду "Angelus", сказала: „Народы Цэнтральнай Эўропы паходзяць з шаленства сацыялізму, якое нас моцна аб’ядноўвае”. Уручэньне ўзнагароды для найлепшай кнігі з Цэнтральнай Эўропы "Angelus" адбылося ў суботу ва Ўроцлаве.
Сьвятлана Алексіевіч адзначаная за кнігу „У вайны не жаночы твар”, якая расказвае пра лёсы франтавых савецкіх жанчын. Раней гэтая кніга атрымала польскую ўзнагароду імя Рышарда Капусьціньскага.
У рамках ўзнагароды "Angelus" таксама быў адзначаны найлепшы перакладчык. Сёлета ім стаў Ежы Чэх – перакладчык кнігі Сьвятланы Алексіевіч на польскую мову.
Чалец журы Пётр Кэмпіньскі кажа, што на яго агромнае ўражаньне зрабіла тэматыка кнігі, а менавіта жаночы погляд на вайну.
П. Кэмпіньскі: Найперш, гэта цудоўна напісаная кніга. Акрамя таго, тэма гэтай кнігі, я б сказаў, несустраканая. Аўтарка піша вельмі цікавай мовай. Пішучы пра лёс савецкіх жанчын, якія былі ўдзельніцамі Вялікай Айчыннай вайны, яна нічога не ўпрыгожвала. Сьвятлана Алексіевіч расказала вуснамі жанчын, якіх сустрэла, пра найгоршае, што магло здарыцца ў іх жыцьці. Яна расказала пра сум, які сустрэў яе пасьля 45-га году. Нагадаю, што гэта не адзіная кніга Сьвятланы Алексіевіч, якая зьявілася ў Польшчы. У нас гэта вядомая постаць. Мне падаецца, што калі называецца прозьвішча Алексіевіч, то ў Польшчы яе ведаюць. Мне падаецца, што моц кнігі „У вайны не жаночы твар” заключаецца ў тэме, мове й эмпатыі, якая прысутная ў гэтай кнізе.
Іншы чалец журы прафэсар Анджэй Завада адзначае, што ўжо на пачатковых этапах адбору кніг для конкурса было вядома, што кніга Сьвятланы Алексіевіч зьяўляецца адной з найсур’ёзьнейшых кандыдатур. Чалец журы падкрэсьлівае, што гэта вельмі важная кніга з увагі на тэму, а таксама з увагі на дасканалы літаратурны стыль.
А. Завада: Важнасьць тэмы ў нейкай ступені зразумелая. З аднаго боку, гэта іншы погляд на досьвед вайны, які палягае на тым, што да голасу дапушчаныя жанчыны. Мне здаецца, што ў краінах Савецкага Саюза грамадзкая думка ня шмат ведала пра гэты спэцыфічны, але вельмі шырокі ўдзел жанчын у вайне. Мы, у Польшчы, пра гэта напэўна ведалі няшмат. Так было заўсёды, што аповед пра вайну рабіўся з мужчынскага пункту гледжаньня, паколькі вайна была мужчынскай справай, прынамсі ў мілітарным значэньні. У цывільным значэньні вайна, канечне, закранала ўсіх – жанчын, дзяцей, старых.
Прафэсар Завада кажа, што наступны плюс кнігі „У вайны не жаночы твар” – гэта праўдзівасьць. Аднак, як кажа наш суразмоўца, праўдзівасьці ў літаратуры мала. Праўду трэба расказаць так, каб яна задзейнічала на эмоцыі слухачоў.
А. Завада: Гэта ўдалося. Вядома, што кніга мела вялікі посьпех сярод расейскамоўных чытачоў. Мала таго, гэтая кніга была заўважана ў Польшчы ня толькі публіцыстамі, крытыкамі, але й чытачамі. Яшчэ да таго, пакуль адбылося паседжаньне журы й была прызнаная ўзнагарода, я ў розных размовах чуў, што кніга зрабіла вялікае ўражаньне на звычайных чытачах. Чытачы спадзяваліся, што ўзнагарода будзе дадзена менавіта гэтай кнізе. Мне гаварылі, што калі б гэта чытачы выбіралі пераможцу, то абралі б менавіта гэтую кнігу.
Анджэй Завада адзначыў, што ў кнізе побач функцыянуюць праўда й прыгажосьць. Забіраючы ўзнагароду Сьвятлана Алексіевіч сказала, што ў гэтым суседзтве праўды й прыгажосьці ёсьць рызыка: „Тут сустракаюцца прыгажосьць і трагедыя. Мы глядзім на трагедыю, а яна здаецца прыгожай. Гэта страшна”.
У фінале "Angelus" апынулася яшчэ адна кніга беларускай пісьменьніцы –„Рыбін горад” Наталкі Бабінай. Некалькі гадоў таму сярод фіналістаў быў беларускі філёзаф Ігар Бабкоў.
ав