Беларуская культура ў Варшаве

Беларускі культурны цэнтар у Варшаве адчыніў свае дзьверы.


У плянах кіраўніцтва ўстановы знаёміць палякаў зь беларускай культурай. У бліжэйшых плянах паказ беларускага кіно ды мастацтва.

Культурны цэнтар Беларусі дзейнічае ў Польшчы з 2008 году. Дагэтуль цэнтар месьціўся ў Беластоку, цяпер жа пераехаў у Варшаву. Пасталеў, як зазначылі госьці імпрэзы. Намесьнік мэра Беластока Аляксандар Сасна пажадаў цэнтру посьпехаў у Варшаве.

Аляксандар Сасна: Калі б узяць пашпарт Беларускага цэнтра культуры, там можна было б прачытаць назву, потым месца й дату нараджэньня. 2008 – Беласток. У жыцьці бывае так, што дзеці растуць, ідуць у садок, потым школу, а потым у ВНУ. А куды ідуць у ВНУ? У сталіцу, у Варшаву. Я лічу, што Беларускі цэнтар паехаў вучыцца, а мы прыехалі паглядзець, як наш сваяк уладкаваўся тут.

У сувязі зь пераездам у Варшаву, удзельнікі імпрэзы пажадалі цэнтру плённых гадоў працы. Дырэктар Агульнаадукацыйнага ліцэя зь беларускай мовай навучаньня Яўген Сачко.

Яўген Сачко: Кожны вучань выязджае вучыцца ў ВНУ, але найлепшыя вучні вяртаюцца жыць на сваю Радзіму. Я думаю, што некалі Беларускі цэнтар вернецца ў Беласток. Варшава – гэта, вядома, сталіца, тут жыве шмат людзей. Добра было б, каб жыхары Варшавы ды ўсёй Польшчы даведаліся як мага больш пра гісторыю, культуру ды творчасьць беларусаў. Жадаю вам, каб праз гэтыя памяшканьні прайшлі тысячы, сотні тысяч людзей.

Падчас афіцыйнага адкрыцьця цэнтру ўвазе гасьцей ды наведвальнікаў была прадстаўлена фотавыстава “Незвычайная Беларусь”, якая паказвала розныя абліччы Беларусі. Больш падрабязна з выставай знаёміў дырэктар Беларускага культурнага цэнтра Аляксандар Карачун.

Аляксандар Карачун: Сёньняшняя выстава падрыхтаваная тэлеграфным агенцтвам Белат дзеля шырокага прадстаўленьня аб Беларусі замежнаму гледачу. Беларусь у розных праявах ды вобразах.

Менавіта гэта – знаёмства палякаў з рознымі абліччамі беларускай культуры будзе асноўным напрамкам дзейнасьці цэнтра. Бліжэйшымі ды далейшымі плянамі цэнтра падзяліўся дырэктар установы Аляксандар Карачун.

Аляксандар Карачун: Цяпер у Вілянаўскім палацы праходзіць выстаўка, прысьвечаная цудоўнаму кампазытару Міхалу Клеафасу Агінскаму. Выстаўка будзе адчыненана да 27-га лістапада. Потым мы плянуем перавезьці яе ў Гайнаўку ды паказаць там у Музэі – асяродку беларускай культуры. Мы плянуем выстаўкі ў Лодзі, ды кінапаказы ў Музэі кінематаграфіі. Плянаў у нас шмат.

Паводле словаў Яна Забродзкага, старшыні Цэнтра славянскай культуры ў Варшаве, гэта вельмі пазытыўная ініцыятыва. Культура павінна яднаць народы, а не дзяліць.

Ян Забродзкі: Гэта вельмі патрэбная ініцыятыва. Дзесяць гадоў таму на хвалях вашага радыё я казаў, што людзі выбіраюць сабе часам лепшую, а часам горшую ўладу. Аднак уладары мінаюць, а Беларусь застаецца й будзе нашым суседам. 80% герояў у нас супольныя, як, напрыклад, Міцкевіч або Касьцюшка. Да мяне аднойчы прыйшоў граф, продкі якога пабудавалі кляштар у Жыровічах. Ён ганарыцца па сёньняшні дзень, што гэты кляштар праваслаўны, хоць і будавалі яго католікі. Культура ня мае межаў, ды яна яднае народы. Чым больш будзе кантактаў, тым лепшая будзе наша будучыня.

Аб’яднаўчую ролю культуры дэманстравасў на адкрыцьці цэнтра фальклёрны гурт “Купалінка”. Найбліжэйшая магчымасьць пазнаёміцца з беларускай культурай адбудзецца падчас Навагодняга вечара з удзелам зорак беларускай апэрэты, абяцяюць супарцоўнікі цэнтру.

На адкрыцьці прысутнічаў Юры Ліхтаровіч.

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё