|
|
Тры дакументальныя фільмы вытворчасці тэлеканала «Белсат» былі прадстаўленыя кракаўскай публіцы ў межах Дзён беларускай культуры.
Як зазначыў, прадстаўляючы фільмы, прэсавы сакратар тэлеканала «Белсат» Сяргей Пялеса, сённяшняя рэчаіснасць у Беларусі спрыяе ўзнікненню дакументальных фільмаў.
- Магчыма, з увагі на тую гаспадарчую, палітычную сітуацыю, у якой мы знаходзімся, магчыма таму, што Беларусь знаходзіцца на памежжы усходнееўрапейскай і заходнееўрапейскай цывілізацыі – усё гэта стварае цікавыя сітуацыі, цікавых людзей, пра якіх варта здымаць і пасля цікава пра гэта глядзець. У Беларусі ёсць шэраг вельмі таленавітых аўтараў, як маладых, так і больш дасведчаных, якія ствараюць дакументальнае кіно, але не толькі, каб яго пакласці ў шуфляду, ці паказаць нейкаму мастацкаму савету. Гэтыя фільмы дэманструюцца на «Белсаце», гэтыя фільмы можна паглядзець на міжнародных фестывалях, яны атрымоўваюць там узнагароды. У той жа час ў самой Беларусі практычна няма фестываля дакументальнага кіно.
Дні беларускай культуры стартавалі ў Кракаве напярэдадні, сёння ў межах мерапрыемства пройдуць навукоы даклад ды паказ беларускіх музычных кліпаў, якія паўсталі за апошнія гады. Завершыцца фестываль у пятніцу выступам беларускага гурту «Альтанка».
* * *
Гістарычныя даклады, паказы дакументальных фільмаў, знаёмства з выданнямі, прысвечанымі Беларусі, ды выступы беларускіх музычных гуртоў цягам трох дзён арганізуе Беларускае таварыства ў Кракаве.
Як зазначае старшыня таварыства Юры Гардзееў, у Кракаве мала вядома пра Беларусь, а моладзь часам нават не мае ўяўлення пра гісторыю ды культуру суседняй краіны. Таму задача Дзён беларускай культуры – наблізіць Беларусь да жыхароў Кракава.
- У першую чаргу гэтыя дні культуры разлічаны на моладзь, на студэнтаў. Пажадана, каб яны ведалі гісторыю суседняга народа. Студэнты ў маім інстытуце праяўляюць зацікаўленасць да гісторыі Беларусі, з ахвотаю прыйшлі. У сувязі з тым, што мы суседнія народы, трэба неяк абменьвацца такой інфармацыяй.
У першы дзень у межах Беларускіх дзён культуры праходзіць дыскусія, прысвечаная гісторыі Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі. Таксама адбудзецца прэзентацыя кніг з серыі “Гродзенская бібліятэка”, а ўвечары пройдзе паказ дакументальных фільмаў тэлеканала Белсат.
* * *
Як зазначыў Аляксей Шота з беларускага таварыства ў Кракаве, перапынак у правядзенні Дзён беларускай культуры быў перадусім звязаны з фінансавымі праблемамі.
- У 2009-2010 гадах мы сапраўды стараліся знайсці магчымасць правесці іх, але ўсё, па вялікім рахунку, упіралася ў фінансавае пытанне. Першыя накіды праграмы мы зрабілі яшчэ ў 2009 г., не шмат засталося пашырыць. Канешне, з часам шмат чаго змянілася. Спадзяюся, што ў будучыні ў нас ўсё будзе атрымлівацца лепей і да наступных дзён культуры мы не будзем чакаць зноў тры гады.
Сёлета арганізацыя беларускіх дзён культуры была фінансаваныя Малапольскай ваяводскай управай, у арганізацыі дзён культуры актыўны ўдзел прыняла таксама Кракаўскае студэнцкае самаўпраўленне.