|
|
Выйшаў новы нумар інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры «ПрайдзіCвет». Чарговае выданне часопіса прысвечана беларускай літаратуры і называецца «Аўтапартрэт з люстэркамі».
Нумар складаецца з дзвух частак, першая з якіх прысвечана творам беларускіх аўтараў, ці аўтараў, якія маюць дачыненне да Беларусі і пішуць на замежных мовах. Другая ж частка часопіса прысвечана беларускамоўным творам беларускіх пісьменнікаў у перакладах на замежныя мовы. Сярод аўтараў, чые творы можна знайсці на старонках новага нумара, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Караткевіч, Сяргей Пясэцкі, Чэслаў Мілаш, Багуслаў Радзівіл і іншыя. Інтэрнэт-часопіс, які сумеснымі намаганнямі ствараюць маладыя беларускія перакладчыкі, развіваецца ад нумара да нумара, але рабіць друкаваную версію часопіса рэдакцыя «ПрайдзіCвета» пакуль не плануе, зазначыла ўдзельніца рэдакцыйнай рады Юлія Цімафеева.
- Гэта пытанне даволі сур’ёзнае, таму што ў цяперашнім свеце часопісы, як мне падаецца, крыху губляюць свой аўтарытэт і людзі больш прызвычайваюцца ўжо да асобных выданняў і асобных аўтараў. Таму мы, мабыць, крыху падумаем, ці варта нам выходзіць на паперы.
Новы нумар часопіса прысвечаны беларускай літаратуры, што ствараецца як на прасторах Беларусі, так і па-за яе межамі. За выхадам новага нумара часопіса рэдакцыя «ПрайдзіCвета» рушыла да падрыхтоўкі наступнага. Чарговае выданне будзе прысвечана дэтэктыўнаму жанру. У ім будуць апублікаваны творы з розных краін свету ў перакладзе на беларускую мову. Новы нумар і навіны часопіса «ПрайдзіCвет» можна знайсці на інтэрнэт-старонцы выдання prajdzisvet.org.