Алесь Камоцкі: Аўтарская песня заўсёды была і будзе

Бібліятэкар

Беларускае Радыё Рацыя, Аляксей Красоўскі
22.10.2010


Сёння ў Бельску Падляскім распачнецца “Бардаўская восень 2010”: фестываль з багатай гісторыяй, у вытокаў якога стаіць беларускі паэт і аўтар-выканаўца ўласных песень Алесь Камоцкі.

– Пачынаўся фестываль 17 гадоў таму, пачынаў яго Багдан Сіманенка, якому вельмі хацелася, каб у яго горадзе Бельску было свята нечага беларускага. І бардаўская частка па-ціху вышчамілася з Басовішча. Як раз супалі два гэтых моманта: з Басовішча зышлі і некуды трэба было дзецца. Багдан ладненька ўладкаваў гэты фестывальчык у Бельску Падляскім. Я займаўся арганізацыяй першага фестывалю з беларускага боку, нас з Беларусі аўтобусам ехала чалавек 40. Тады яшчэ не было добрага гатэльчыку, мы мясціліся ў нейкіх школах. Пры ўсім гэтым, першы фестываль – гэта было такое свята. Трохі хвалявала тое, што мы не ведалі, ці будзе другі. А калі на наступны год і другі фестываль прайшоў, стала зразумела, што будзе і трэці, і будзе ўсё далей.

Атмасфера прыязнасці – гэта тое, чаго не хапала музыкам – працягвае Алесь Камоцкі, аднак музыка заўважае, што песню, якая гучыць на фестывалі, трэба называць аўтарскай, а не бардаўскай:

– Аўтарская песня – гэта нармальна гучыць. А барды – як быццам кпіны над тымі людзьмі, якія займаюцца аўтарскай песняй у нас. Ніякія гэта не барды, калі казаць пра значэнне гэтага слова. Аўтарская песня заўсёды была і будзе, яна не ідзе ў народ агрэсіўна, яе можна прымаць або не прымаць. Менавіта аўтарскай песні, а не той, якая з папсой мяжуе, тая і сама пралезе, трэба, каб дапамагалі добразычліўцы. І такая дапамога з’явілася, і гэта вельмі радавала.

17-ты фестываль беларускай аўтарскай песні “Бардаўская восень 2010” распачнецца ў Бельскім доме культуры ў 18 гадзін паводле польскага часу.

На працягу трох фестывальных дзен наведвальнікаў чакае конкурсная праграма, а таксама выступы шматлікіх аўтараў-выканаўцаў ды акустычных гуртоў.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя Фота: pics.livejournal.com/kamocki