|
|
Свае 80-гадовыя ўгодкі адзначае вядомы ў Беларусі, Польшчы і ва Украіне краязнаўца з Камянеччыны, аўтар шэрагу гістарычных публікацый і кніг Георгій Мусевіч, які між іншым з’яўляецца заслужаным трэнерам Беларусі. Навуковы шлях юбіляр пачаў у часы набыцця краінай незалежнасці.
Пакуль Георгій Сцяпанавіч папраўляе здароўе ў абласным шпіталі ў Брэсце, Зміцер Кісель наведаў родны горад краязнаўцы – Камянец, дзе сустрэўся з блізкімі яму людзьмі, якія падтрымліваюць Георгія Мусевіча ва ўсіх пачынаннях. У прыватнасці, жонка, спадарыня Ганна, кажа, што ўдзячная лёсу за такога чалавека:
- З мужам мы пазнаёміліся ў 1984 годзе і з 84-га жывем у міры і згодзе. Пасля таго, як мы пазнаёміліся, я не ведала, што трэба нешта рабіць самой – усё робім разам, глядзім як лепш. Калі некуды ідзем, то разам, калі што ў хаце парабіць, зноў такі разам. І так паўсюль. Не магу сказаць, што маю крыўду: пражылі мы ўжо “сярэбраны шлюб”.За гэты час не скажу, што ў нечым ён мяне абразіў, альбо пакрыўдзіў. Жадаю ўсім жанчынам, каб былі такія мужчыны – добрыя і верныя. Свайму мужу я зычу здароўя: зараз ён у шпіталі ляжыць, хварэе. Зычу, каб хутчэй вярнуўся дадому і мы пражылі столькі, колькі нам адмерана ў радасці і шчасці.
Галіна Новік, супрацоўніца раённай грамадска-палітычнай газеты “Навіны Камянеччыны”:
- Нам пашансавала. У Камянцы жыве цікавы і захоплены краязнаўствам чалавек Георгій Сцяпанавіч Мусевіч. Амаль 30 гадоў ён даследуе і піша гісторыю рэгіёна. Робіць гэта паслядоўна, таму нярэдка пра Георгія Сцяпанавіча кажуць “жывая энцыклапедыя”. Сёння яму спаўняецца 80 год, але яго ўчэпістай памяці, яснасці думкі і актыўнай жыццёвай пазіцыі могуць пазайздросціць многія з маладых. Гісторыя Камянеччыны ў яго 600 артыкулах, з якіх не ўсе надрукаваныя. У ягоных артыкулах рукапісы 10 кніг, у тым ліку “Слоўнік літаратурнай Камянеччыны”, “Хрысціянства. Святыні Камянеччыны”, 19 брашур, 3 манаграфіі, 8 работ у суаўтарстве. Адна з яго кніг “Жыццё і смерць апошняга караля Польшчы” надрукавана на польскай мове ў Гайнаўцы ў часопісе “Па-суседству”, а кнігі “Мой родны горад – Камянец”, “Народ, які жыў сярод нас”, якія выдаў за ўласны кошт і сродкі ахвярнікаў, разасланыя ў 13 краін свету зацікаўленым і ўдзячным людзям. Георгій Сцяпанавіч абачліва пакінуў іх у архівах, музеях, бібліятэках, каб ведалі, каб неперарывалася памяць.
Ніна Нікіцюк, былы дырэктар Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Усевалада Ігнатоўскага:
- Георгія Сцяпанавіча я ведаю з 1973 года, у гэты год я прыехала ў Камянец. Пазнаёмілася са сваім будучым мужам, які быў яго выхаванцам. Яны разам займаліся спортам, разам працавалі ў дзіцячай спартыўнай школе. Пасля таго, як ён пачаў прыходзіць у бібліятэку не як настаўнік фізкультуры, а менавіта як краязнаўца, чалавек, які вывучае гісторыю нашага краю, мне было вельмі прыемна. Шмат давялося мне дапамагчы яму: даставала з падвала старыя газеты, што захоўваліся ў нас з 50-х гадоў, іншыя кнігі. Мы разам з ім шмат размаўлялі на цікавыя для яго тэмы. Вельмі шмат распавядаў невядомых фактаў. Мне ўзгадваецца, калі ў нас было камянецкае тэлебачанне, мы ў бібліятэцы зладзілі прэзінтацыю яго кнігі “Мой горад”. Гэта паказалі па мясцоваму тэлебачанню і мне было прыемна, што дамоў тэлефанавалі людзі, якія глядзелі праграму з падзякамі, што зрабілі такое мерапрыемства.
Ніна Андрэйчук, супрацоўніца бібліятэкі:
- Георгій Сцяпанавіч цесна супрацоўнічае з бібліятэкай. З цікавасцю прымае прапановы супрацоўнікаў аб удзеле ў нашых мерапрыемствах. Вельмі шмат перадаў нам сваіх артыкулаў, звыш 500, і адзін з іх - “Старажытны храм Камянца”. Шмат увагі надаецца гісторыі нашага краю ў напісаных ім рукапісах “Паданні аб зямлі Камянецкай”.
У 2009 годзе краязнаўца выдаў кнігу аб габрэях Камянца “Народ, які жыў сярод нас”, якую паплечнікі называюць адной з найбольш грунтоўных, напоўненай цікавымі фактамі. Большая частка рукапісаў захоўваецца ў Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя У.Ігнатоўскага. Урачыстасці з нагоды 80-годдзя Георгія Мусевіча правядуць прадстаўнікі ўладаў і дыпламатычных місій.
Цэлую гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.