У Крэве адбыліся "Літаратурныя дажынкі"

У Крэве адбыліся "Літаратурныя дажынкі"


У мястэчку Крэва з’явілася ўжо другое "Дрэва паэзіі". Першае такое дрэва было пасаджанае беларускімі літаратарамі 4-га чэрвеня 2011-га года на падворку сядзібы сям’і Магераў, сваякоў Уладзіміра Някляева.

Другое дрэва, літаратурны дуб, было высаджана побач, прынагодна "Літаратурным дажынкам", імпрэзе, што адбылася ў мястэчку Крэва 13-га лістапада. Дуб быў пасаджаны з ініцыятывы палітыка і паэта  Уладзіміра Някляева:

- Мы ўсе разам пасадзілі дуб у Крэве, на нашым падворку. Гэта мне грэе душу, якую апошнім часам мала што грэе, з улікам таго, што адбываецца ў нашай краіне і, найперш, у нашай культуры.

Новае Дрэва паэзіі заняло сваё месца побач з ужо існуючым, што расце на зямлі, гаспадаром якой з’яўляецца сваяк Уладзіміра Някляева, Іван Магер:

- З гэтага дуба вырастуць залатыя жалуды. І імі будуць менавіта маладыя пісьменнікі, маладыя паэты, якія прынясуць у нашу культуру, у нашу беларускую мову, нешта такое добрае, цёплае.

Дуб паэзіі быў высаджаны Уладзімірам Някляевым разам з літаратарамі і музыкамі - ўдзельнікамі імпрэзы "Літаратурныя дажынкі 2011". Мяркуецца, што свята "Літаратурных дажынак", дзе вызначаюцца лепшыя літаратары мінулага году, стане штогадовым.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя