|
|
Выстава "Доўгі шлях да чытача" адкрыта ў Брэсце
Чытаць забароненыя кнігі прапануе брэсцкая абласная бібліятэка імя Горкага. “Доўгі шлях да чытача” – выстава, у якой месцяцца працы пісьменнікаў і паэтаў, забароненых у 20-30 гады мінулага стагоддзя.
Большая частка пісьменнікаў, са словаў складальнікаў выставы, папала ў тыя часы пад рэпрэсіі. Іх творы былі забароненыя і ў рукі звычайнаму чытачу трапіць фактычна не маглі. Пра тое, адкуль з’явілася ідэя арганізацыі такой выставы распавяла адна з яе складальнікаў Людміла Сахарэвіч:
- Выйшла кніга “Расстраляная літаратура”, якая стала падставай для таго, каб прадставіць гэтую выставу. “Расстраляная літаратура” адзначыла тых пісьменнікаў беларускіх, якія падзяліліся на вярнуўшыхся і загінуўшых. У 20-я і 30-я гады з 2000 рэпрэсіраваных у СССР літаратараў 400 прыходзіцца на Беларусь. Большая частка беларускіх пісьменнікаў і літаратараў была падвергнутая рэпрэсіям.
Месца на выставе маюць працы такіх творцаў, як Цішкі Гартнага, Антона Галавача, Язэпа Пушчы, Максіма Гарэцкага, Уладзіміра Дубоўкі ды шмат інш. Як адзначыла Людміла Сахарэвіч, “Доўгі шлях да чытача” прапануе таксама рэцэнзіі на прадстаўленыя кнігі і біяграфіі забароненых аўтраў. Выставу наведаць можна да 5 снежня ўключна.