|
|
Некалькі выставаў адкрылася ў "Палацы мастацтваў"
Адразу некалькі выставаў адкрыў Беларускі саюз мастакоў у галоўнай залі краіны. На прасторах «Палацу мастацтваў» у Мінску размясцілася рэтраспектыўная экспазіцыя беларускага плаката, выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і персанальная выстава мастака Алеся Марачкіна, прысвечаная яго 70-годдзю.
Выстава Алеся Марачкіна, як і іншыя дзве выставы гэта прыклад таго, што мастацтва здольнае існаваць у любыя, нават самыя цяжкія часы, кажа старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца.
- Мастакам Богам дадзены такі прывілей стварыць свята там, дзе яго ніхто не чакае і ў час вельмі складаны для нашай дзяржавы, для нашай нацыі. Мастакі робяць сваю справу – гэта вось сапраўднае служэнне мастацтву і сваёй нацыі.
Буйнейшай з трох выставаў стала выстава твораў мастака Алеся Марачкіна. На экспазіцыі прадстаўленыя шматлікія працы розных гадоў, у тым ліку і карціны, якія былі забароненыя да паказу і знятыя з мінулых выставаў мастака. Паказаць усе палотны не ўдалося і гэтым разам, але асноўныя працы на гэтай выставе ёсць, кажа Алесь Марачкін.
- На пачатку, калі гэта была пустая заля, я баяўся, што ж там выставіць, таму што была агромная заля. Атрымалася так, што палова і не ўвайшла. Калі ласка прыходзьце, я буду тут амаль кожны дзень дыжурыць, нешта расказваць, таму што кожны твор – гэта частка майго жыцця.
Павіншаваць мастака з адкрыццём выставы прыйшлі шматлікія грамадскія, палітычныя і культурныя дзеячы. Выстава Алеся Марачкіна, як і выставы беларускага плаката і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дасяжныя да агляду з 11-й да 19-й гадзіны штодня, акрамя панядзелка ў мінскім «Палацы мастацтваў».