|
|
У Брэсце абмяркоўвалі праблемы беларускай культуры
Пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!” брэстаўчане шукалі адказ на пытанне: “Беларускае – самае маё! Ці гэта так?”
Са словаў ініцыятараў правядзення такой імпрэзы, з дапамогаю такой формы абмеркавання можна паспрабаваць знайсці агульны шлях вырашэння таго, як прадвігаць і папулярызаваць беларускую культуру.
Адзін з арганізатараў мерапрыемства Алесь Плотка лічыць, што такая імпрэза дае магчымасць больш эфектыўна вырашыць тыя ці іншыя пытанні:
- Цяпер мы спрабуем у рэгіёнах Беларусі зладзіць адмысловыя мерапрыемствы, каб людзі маглі сабрацца ў адным месцы і кожны мог адкрыта выказаць свае думкі, падзяліцца меркаваннямі. Праўда нараджаецца ў спрэчках. Мы абмяркоўваем праблемы культуры агульна. Мы прыцягваем увагу і вырашаем. Вельмі добра, што гэта платформа адкрытая і мы адкрыта абмяркоўваем праблемы, якія існуюць.
Каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Брэстчыне Зміцер Назараў мяркуе, што варта спрабаваць будаваць дыялог з прадстаўнікамі мясцовай улады:
- Гэтыя праблемы існуюць, гэтыя праблемы важны для нас. Гэтыя праблемы адчуваюцца намі, творчай суполкай горада. Мы гэтыя праблемы жадаем агучыць з кіраўнікамі культурных аддзелаў, упраўленняў культуры. І каб нашае супрацоўніцтва дапамагло палепшыць нашае становішча.
Ток-шоў такого кшталту, як адзначыў Алесь Плотка, прайшло ўжо ў Магілёве. Ён дадаў, што ў хуткім часе такія імпрэзы можна будзе чакаць і ў іншых абласных цэнтрах краіны.
Фота budzma.org
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя