Дранько-Майсюк і Акулін сустракаліся з чытачамі на Лідчыне

Дранько-Майсюк і Акулін сустракаліся з чытачамі на Лідчыне


У сярэдняй школе вёскі Ганчары Лідскага раёна і ў Лідскім каледжы прайшлі творчыя сустрэчы вучняў, студэнтаў і выкладчыкаў з беларускімі паэтамі Леанідам Дранько-Майсюком і Эдуардам Акуліным.

У перапоўненых аўдыторыях навучальных устаноў паэтаў горача віталі прыхільнікі іх творчасці і беларускай паэзіі. Моладзь пазнаёмілася з іх новымі творамі, а таксама з шэдэўрамі класіка беларускай паэзіі Максіма Багдановіча, 120-годдзе якога будзе адзначацца 9 снежня. Такім чынам, на думку Леаніда Дранько-Майсюка, варта знаёміць моладзь з паэзіяй Багдановіча:

- Я проста ўпэўнены, што пасля сённяшняй сустрэчы нашы дзеткі разгорнуць кнігі Максіма Багдановіча, пачнуць чытаць па-новаму, будуць вучыць на памяць вершы Максіма Багдановіча, якія па сваёй глыбіннай сутнасці з’яўляюцца нашай нацыянальнай беларускай рэлігіяй.

Таксама ў часе творчых сустрэч з моладдзю Лідчыны прайшла прэзентацыя пятага нумара літаратурнага часопіса “Верасень”. Прэзентаваў часопіс яго галоўны рэдактар Эдуард Акулін.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя