“Я быў і застаюся беларускім мастаком”

“Я быў і застаюся беларускім мастаком”


Аповед і працы Ігара Цішына – сусьветна прызнанага беларускага артыста, які жыве ў Брусэлі.

Пра сваё мастацтва, культурнае жыцьцё ў Заходняй Эўропе ды стаўленьне да падзеяў, якія адбываюцца ў Беларусі, нам распавядае Ігар Цішын – прызнаны ў Эўропе мастак, які ўжо 10 гадоў жыве й працуе ў Брусэлі. У адной з кавярняў эўрапейскай сталіцы з артыстам сустрэўся наш карэспандэнт Аляксандар Папко.

Ігар Цішын родам з Гомельшчыны. У свой час ён скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, выкладаў у Менскім мастацкім вучылішчы. У Брусэль жа прыехаў разам з жонкай, мастачкай Натальляй Залознай, напрыканцы “ліхіх дзевяностых”.

І. Цішын: 90-я гады былі цяжкім часам для ўсяго мастацтва. Так атрымалася, што ў мяне былі кантакты з галерэямі ў Бэльгіі, Галяндыі, плянаваліся выставы. Спачатку я прыязджаў сюды на некалькі месяцаў – папрацаваць для галерэяў, для сваіх экспазыцыяў. А пазьней мы вырашылі пераехаць у Брусэль.

Эмігрантам Ігар Цішын сябе ня лічыць. Пераехаць зь Менску ў Брусэль у сучасным сьвеце – гэта амаль тое самае, што пераехаць з Магілёва ў Горадню – тлумачыць мастак.

І. Цішын: Я як быў, так і застаюся беларускім мастаком. Сёньня мастацкі сьвет вельмі моцна адрозьніваецца ад таго, што было 100 гадоў таму. Тады мастакі, зьязджаючы з Расеі ці Беларусі, абрывалі повязі са сваім ранейшым жыцьцём і пачыналі новае. Можна шмат казаць пра беларускія карані артыстаў, але Хаім Суцін ці Марк Шагал застаюцца францускімі мастакамі. Цяпер жа вельмі шмат мастакоў жывуць не на сваёй радзіме, а ў іншых краінах. У Бэрліне шмат італьянскіх артыстаў, мастакоў з ЗША й Швэцыі. А ў Амстэрдаме жывуць мастакі зь Нямеччныны, Паўднёвай Афрыкі й Аргентыны.

Творы Ігара Цішына напоўненыя яскравымі фарбамі й дынамікай, аднак разам з тым поўныя трывогі, непакою ды настальгіі. Што мастак хоча перадаць публіцы? Карціна – гэта не пасланьне гледачу, а спроба выразіць свой унутраны сьвет – тлумачыць Ігар Цішын.

І. Цішын: Мастак часта ня ведае сам, што ён хацеў бы сказаць. Ягоная праца – гэта пошук таго, што ён хацеў бы знайсьці ў сьвеце, у сваім жыцьці, у жыцці іншых. Як гэта ўспрымаюць людзі? Кожны чалавек успрымае любы твор мастацтва па-свойму. Ён знаходзіць у творы нешта сваё, тое, што яму падабаецца. А калі не падабаецца – ён пойдзе да іншага твору, на іншую выставу, на іншы канцэрт.

Ёсьць у мастака й любімыя працы – гэта сэрыя “Крызыс у раі”. На яе кацінах прывіды мінулага лунаюць сярод сьценаў закінутых беларускіх хатаў, а трывога й непакой навісаюць над вуліцамі зацярушаных сьнегам мястэчак.

І. Цішын: Гэта сэрыя кампазыцыяў, у якіх аб’яднаныя жывапіс і фатаграфія. Я выкарыстоўваў свае фотаздымкі, якія я зрабіў у Беларусі шмат гадоў таму, і рабіў жывапісныя ўстаўкі ў іх. Немагчыма сказаць, што гэта: фота ці жывапіс – гэта нешта сярэдняе. Цяпер у гэтай сэрыі 6 кампазыцыяў, але я хацеў бы прадоўжыць працу над ёю. Для будучых выставаў я зраблю другую чатку гэтага праекту.

Чым мастацкае жыцьцё ў Заходняй Эўропе адрозьніваецца ад беларускага? У Бэльгіі, Галяндыі, Нямеччыне выяўленчым мастацтвам цікавяцца значна больш – выставы аргнізуюць дзяржаўныя ўстановы, прыватныя фонды й галерэі. Выяўленчае мастацтва моднае й папулянае, і пры гэтым няма ніякага афіцыёзу – тлумачыць Ігар Цішын.

І. Цішын: У Гяляндыі, Бэльгіі, Францыі, Нямеччыне ўрады, мастацкія фонды, розныя арганізацыі аказваюць вялікую падтрымку мастацтву. Калі вы завітаеце ў вялікую кніжную краму, то адразу ўбачыце, колькі кнігаў пра сучаснае мастацтва Бэльгіі было выдадзена ў 2010, 2011 годзе. І пры гэтым тут няма такіх арганізацыяў, як саюз мастакоў.

Аднак ня ўсё так дрэнна і ў Беларусі. У апошняе дзесяцігодзьдзе зьявілася шмат цікавых творцаў – кажа Ігар Цішын.

І. Цішын: Ёсць пэўнае разьвіцьцё. Цягам апошніх 10 гадоў зьявілася многа маладых цікавых мастакоў – напрыклад, Міхаіл Гулін, Аляксей Лунёў, Антаніна Слабодчыкава, Сяргей Шабохін, многія іншыя. Добра, што ў Менску адчынілася галерэя, якая займаецца сучасным мастацтвам. Праўда, пакуль яна адзіная – гэта галерэя “Ў”. Шмат у чым дзякуючы ёй беларускае мастацтва рухаецца наперад і павышае свой узровень.

Ігар Цішын не саромеецца выказвацца як грамадзянін. Нядаўна ён напісаў партрэт Ўладзімера Някляева, зьбітага міліцыяй 19 сьнежня. Што падштурхнула мастака напісаць партрэт зьбітага паэта?

І. Цішын: Тое, што адбывалася ў Беларусі падчас выбараў і ў наступныя некалькі месяцаў, нармальны чалавек ня можа не ўспрымаць, як абразу. Мне хацелася закрануць гэтую тэму, паказаць свабоднага чалавека, паэта, кандыдата на пасаду прэзыдэнта – і тое, што зь ім зрабілі. Мне хацелася задаць пытаньне: “Што прывяло да таго, што яго твар выглядае так?” Вядома, Някляеў не адзіны, хто пацярпеў. Гэтая праца – не зусім партрэт Уладзімера Някляева. Я назваў яе “Эскіз да партрэта паэта”. Да тэмы абразы, якую атрымалі нармальныя людзі пасьля гэтых выбараў, я зьбіраюся вярнуцца ў наступных працах.

Ігара Цішына чакае насычаны год. Выставы яго карцінаў пройдуць у Бэльгіі, Галяндыі, Швэйцарыі, Нямеччыне. А пад канец году Ігар Цішын наведае Радзіму. Мастак прыедзе з выставай у Віцебск.

Фота
  • Фота 1/4
  • Фота 2/4
  • Фота 3/4
  • Фота 4/4

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё