Т. Беланогая: Бельск даў мне квіток у творчае жыццё

Бібліятэкар

Беларускае Радыё Рацыя, Аляксей Красоўскі
21.10.2010


На сёлетняй “Бардаўскай восені” адбудуцца выступы адной з самых яскравых прадстаўніц класічна-бардаўскага музычнага жанру, якая прывязе на фестываль сваю новую праграму, Таццяны Беланогай.

– Бардаўская восень з'яўляецца адпраўной кропкай у маёй творчай біяграфіі, таму што, калі я перамагла ў 2004 годзе, гэта стала для мяне квітком у творчае жыццё. Я лічу, што гэта тады з'яўлялася, і з'яўляецца зараз, школай для маладых бардаў, для тых, хто пачынае свой творчы шлях. Я была на іншых фестывалях і магу параўнаць. Трэба адзначыць, што на "Бардаўскай восені" атмасфера вельмі ўтульная. Усе за табой бегаюць, за цябе вельмі перажываюць, ці ўсё цябе задавальняе, то бок, арганізатарамі ўсё прадумана дасканала. Трэба сказаць маладым, як мне, напрыклад, я была вельмі ўражана, калі пабачыла вельмі шмат знакамітых людзей – музыкаў, пісьменнікаў. На адной пляцоўцы сустракаецца шмат пакаленняў, шмат прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Такая канцэпцыя мне вельмі падабаецца. І ёсць нефармальная частка, падчас якой можна паспяваць, пазнаёміць са сваёй творчасцю адзін аднога, гэта таксама вельмі важна.

РР: У гэтым годзе табе давялося быць у ліку журы на адборачным туры конкурснай праграмы "Бардаўскай восені". Цяжка было судзіць маладых выканаўцаў? Ці шмат было цікавых, на тваю думку, канкурсантаў?

– Скажу адразу, што вельмі цяжка было ў журы, таму што сама разумею, што я без важкага багажу ведаў, без практыкі. Мне было вельмі цяжка судзіць. Таму што музыка і паэт, ён мусіць верыць не журы, а мусіць верыць Богу, натхненню. Журы – гэта такі скальпель, нож, які можа проста адрэзвць тое, што мусіць расці яшчэ. Таму гэта вельмі сур'ёзная рэч. Канкурсанты ў гэтым годзе – вялікая разнастайнасць. Было шмат вядомых музыкаў, якія ўжо маюць імёны.

Пачуць Таццяну Беланогую на “Бардаўскай восені” ўсе аматары спявачкі маюць магчымасць 23-га кастрычніка ў Бельскім доме культуры, а 24-га – у Беластоцкім лялечным тэатры.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя Фота: news.vitebsk.cc