Анатолю Вярцінскаму – 80!

Анатолю Вярцінскаму – 80!


Беларуская служба Польскага радыё віншуе выдатнага паэта!

Мужчына. Жанчына. Чаканьне.
Шуканьне. Блуканьне. Час.
Жанчына. Мужчына. Спатканьне.
Вітаньне. Пытаньне. Адказ.
Мужчына. Жанчына. Дыханьне.
Сэрцабіцьцё. Забыцьцё.
Жанчына. Мужчына. Каханьне.
Мужчына. Жанчына. Жыцьцё.

Аўтару гэтых радкоў, паэту Анатолю Вярцінскаму сёньня спаўняецца 80 гадоў. У гэта слаба верыцца, бо Анатоль Ільліч актыўны й рухавы, з гарачым сэрцам і жывым розумам.

Нарадзіўся ён на Лепельшчыне, скончыў журфак БДУ, працаваў у газэтах, часопісах, быў рэдактарам выдавецтва “Беларусь”, галоўным рэдактарам газэты “Літаратура й Мастацтва”. Менавіта пры ягоным рэдактарстве быў надрукаваны легендарны артыкул Зянона Пазьняка пра Курапаты. Быў Анатоль Ільліч і народным дэпутатам БССР – з 1990 году, то бок, у той час, калі тут пачалі разгортвацца знакавыя падзеі беларускай Незалежнасьці. Анатоль Вярцінскі кажа, што за тое дэпутацтва яму ня сорамна. Ён быў у камісіі, якая працавала над тэкстам Канстытуцыі. І пытаньне моўнага хараства Вярцінскага, як паэта, дужа хвалявала.

Анатоль Вярцінскі: На канчатковым этапе гэта пытаньне ўзьнікла. Гэтае пытаньне ўзьняў непасрэдна я. Прытым, гэта было зроблена на тым самым пасяджэньні, дзе ўжо была прынятая Канстытуцыя. Мяне гэта моцна турбавала, як літаратара, што частка артыкулаў сфармуляваная нязграбна, некаторыя артыкулы нагадвалі кальку з рускай мовы. Я ўсё выказаў, і дакладчык Васіль Шаладонаў пагадзіўся са мной, сказаў, што пасьля таго, як тэкст Канстытуцыі будзе прыняты, мы вернемся да рэдакцыйнай дапрацоўкі тэксту.

Анатоль Ільліч любіць згадваць тую працу, памятае яе да дэталяў. Спадар Вярцінскі прыгадвае, што ўжо напрыканцы працы, перад самым прыняцьцём Канстытуцыі ўзьнікла некалькі рэзкіх пытаньняў.

Анатоль Вярцінскі: Разыйшліся галасы наконт таго, ці патрэбна Беларусі пасада прэзыдэнта. Гэтае пытаньне абмяркоўвалася два ці тры гады, цягам усяго стварэньня Канстытуцыі. Мы, апазыцыя, выступалі супраць увядзеньня гэтай пасады… Іншы момант – аб узросьце будучага прэзыдэнта. У тэксьце Канстытуцыі было пазначана, што прэзыдэнтам Беларусі можа быць абраны грамадзянін Беларусі, не маладзейшы за 35 гадоў. Але ў апошні момант дэпутат-камуніст Васіль Чэпік узьняў пытаньне аб падвышэньні ўзроставага цэнцу да 45 гадоў. Яго многія падтрымалі, у тым ліку некаторыя прадстаўнікі апазыцыі. Але ўсё-ткі застаўся вось гэты ўзрост – 35. Са свайго месца, не выходзячы да мікрафона, устаў дэпутат Аляксандар Лукашэнка й даў яму рэзкую водпаведзь. У яго былі свае намеры й свае пляны…

Застаецца дадаць, што на той момант дэпутату Лукашэнку было 39 гадоў…

Аднак гаворка не пра яго, а пра паэта Анатоля Вярцінскага, якому сёньня спаўняецца 80! Юбіляр чытае ў нашым этэры свой верш “Домік” (слухайце гукавы файл).

Беларуская служба Польскага радыё віншуе Анатоля Вярцінскага з 80-годзьдзем. Зычым яму дачакацца, калі ў Беларусі будуць напоўніцу шанавацца q ягоныя вершы, і Канстытуцыя, над якой яму давялося працаваць.

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё