|
|
У польскія кнігарні паступіла новая біяграфія славутага польскага рэпартэра й пісьменьніка Рышарда Капусьціньскага.
Яе аўтар – сябра Капусьціскага, шматгадовы журналіст Польскага агенцтва друку Міраслаў Ікановіч.
“Hombre Kapuściński” – гэта чарговая кніга Міраслава Ікановіча, вэтэрана польскай журналістыкі, які амаль пяцьдзесят гадоў працаваў у Польскім агенцтве друку. Крытыка вельмі цёпла ацаніла яго кнігу й паставіла ў адзін шэраг з найлепшымі біяграфіямі мэтра польскага й сусьветнага рэпартажа.
Гэта кніга й пра самога Капусьціньскага, і пра польскую журналітыску ўвогуле. Мы бачым Капусьціньскага вачыма яго сяброў і сябровак. Дарэчы, у кнізе заўважаецца моцны жаночы акцэнт. Капусьціньскі быў тым яшчэ, як гаворыцца, бабнікам. “Але гэта ня толькі падручнік па журналістыцы й зборнік грамадзка-палітычных ідэй” – кажа рэдактар кнігі Дарота Коман.
Д. Коман: Я чытала гэтую кнігу перш за ўсё як кнігу пра сяброўства, а толькі потым зьвяртала ўвагу на другі аспэкт: як калісьці людзі інакш марылі пра журналістыку.
Слова “hombre” ў лацінаамэрыкаскім сьвеце азначае мужчыну, джэнтэльмэна. У гэтым адным слове заключаецца стаўленьне Ікановіча да Капусьцінскага. Яны пасябравалі яшчэ ў студэнцкія часы, абодва вучыліся на гістарычным факультэце Варшаўскага ўнівэрсытэту. Абодва пазьней працавалі ў замежнай рэдакцыі Польскага агенцтва друку.
М. Ікановіч: Гэта было пакаленьне журналістаў, якое пачынала бачыць усё больш і больш недахопаў сацыялістычнай дыктатуры ў Польшчы. Але ў той жа час журналісты не адмаўляліся ад ідэі, каб зьмяняць гэты сьвет. Яны хацелі зрабіць яго больш справядлівым. Капусьцінскі заўсёды быў на баку бедных. Тое, чаго нельга было пісаць пра Польшчу, можна было рабіць з Афрыкі. Там не было такой цэнзуры. Пісаньне пра “трэці сьвет” давала неверагодную свабоду.
Ікановіч дадае, што калі яны пісалі пра Конга, Анголу альбо краіны Лацінскай Амэрыкі, то заўжды думалі пра Польшчу, пра яе сытуацыю, якая даволі часта была блізкай афрыканскім краінам.
М. Ікановіч: Гэта вельмі добра бачна ў адной зь першых кніжак Капусьціньскага. Ён пісаў пра цішыню. Маўляў, што цішыня - гэта саюзьніца дыктатараў, бо яны яе вельмі любяць. Рышард казаў, што калі чуе па радыё, што, напрыклад, у Індыі нарадзілася пяцёрня, а дзесьці здарылася катастрофа, то ён ведае, што гэтая радыёстанцыя служыць цішыні.
У кнізе Ікановіч піша, што Капусьціньскі ніколі ня быў аб’ектыўным журналістам. Усё таму, што як рэпартэр ён ня толькі апісваў падзеі, але й быў іх непасрэдным удзельнікам. “Ён ня мог быць па-за падзеяй, ён заўсёды быў у гушчы” – кажа Ікановіч.
М. Ікановіч: У сапраўднай журналістыцы, якая ня толькі апісвае падзеі, а стараецца зрабіць сьвет лепшым, няма месца на аб’ектывізм. У кожнага з нас ёсьць эмоцыі, палітычныя погляды, і ўсё, што пішацца датычыць канкрэтнага моманту. На вайне нельга быць па двух баках барыкадаў.
Узгадваючы свайго сябра, Ікановіч піша, што Капусьціньскі заўсёды быў узорам для свайго пакаленьня журналістаў. І ня тольк як выбітны рэпартэр, але й як выключны майстар і незвычайная постаць.
Рышард Капусьцінскі напісаў каля 20 кніг, якія былі перакладзеныя на тры дзясяткі моваў. Ён быў сьведкам самых важных падзеяў найношай гісторыі – у Анголе, Конга, Эфіёпіі, Самалі, Іране й Гандурасе. Нарадзіўся Капусьціньскі ў 1932 годзе ў Пінску. 24 студзеня споўніцца роўна 5 год з дня сьмерці мэтра польскага рэпартажу.