Вяртанне да вытокаў


З 12 лістапада 2011г. ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” адкрылася выстава-радавод “Ад каранёў сваіх”, матэрыялы для якой былі прадстаўлены сям’ёй Аркадзьевых з Мінска.

Ужо некалькі год звычайныя людзі, якія не маюць дачынення да прафесійнай гістарычнай навукі, Таццяна Антонаўна і Уладзімір Ігаравіч (дарэчы, працуе станочнікам на Мінскводаканале), шукаюць свае “карані”, збіраюць сямейны архіў. 

Мэту сваёй дзейнасці У.Аркадзеў так адзначыў на адкрыцці выставы: “Справу вывучэння ўласнага роду нельга адкладваць на апасля. Міне час, можа нічога не застацца. Хочацца аставіць багатую спадчыну сваім дзецям, каб яны адчувалі за сабой вялікую гісторыю, любілі і паважалі свой род”. Гэтыя думкі знайшлі падцвярджэнне ў выступленні вядомай беларускай паэтэсы Таісы Трафімавай, сяброўкі сям’і Аркадзьевых, якая таксама прысутнічала на ўрачыстым мерапрыемстве.

Ажыццяўляюць пошук матэрыялаў Аркадзьевы ў розных месцах. Па-першае, яны апытваюць родных і падрабязна запісваюць іх успаміны, знаёмяцца з рэліквіямі, якія перадаюцца ў сем’ях з пакалення ў пакаленне. Дзеля гэтага яны праехалі тысячы кіламетраў. Пабывалі на радзіме бабулі і бацькі Уладзіміра – у Казані, дзе знайшлі калекцыю паштовак, каштоўныя дакументы і фотаздымкі канца ХІХ – пачатку ХХ ст., у тым ліку радавы каляндарны дзеннік – лісты адрыўнога календара, на якіх з канца ХІХ ст. запісваліся даты нараджэнняў і смерці ўсіх членаў сям’і. Выстветлілі, што бабуля А.Р.Бурэніна належала да купецкага роду, многія прадстаўнікі якога захапляліся мастацтвам. Любоў да творчасці пераходзіла з пакалення ў пакаленне. Бацька У.Аркадзьева – Ігар Уладзіміравіч, які з 50-х г.г. застаўся жыць па месцы вайсковай службы ў в.Слабудка на Пружаншчыне, таксама быў мастаком-аматарам. Вядома, што ён ствараў копіі работ майстроў пэндзлю мінулага, але знайсці іх пакуль не ўдалося. Захаваўся цікавы альбом з малюнкамі алоўкам і гуашшу сярэдзіны ХХ ст., партрэты, напісаныя ў 70-я г.г. для мясцовай школы, работы алеем. Сёння ў мастацкай школе займаюцца ўнукі Ігара Уладзіміравіча, чые графічныя работы, аплікацыі і роспісы па дрэве разам з дзедавымі экспануюцца на выставе. Значную колькасць матэрыялаў Аркадзьевы адшукалі ў родных, якія жывуць на Пружаншчыне і іншых рэгіёнах Беларусі. Разам з фота яны выявілі вялікую колькасць асабістых дакументаў, сямейную перапіску на польскай, рускай і французскай мове, рэлігійныя кнігі ХІХ ст., у тым ліку на ідыш.

Другой крыніцай інфармацыі для даследчыкаў-аматараў сталі надмагіллі. Шмат гадзін імі было адведзена наведванню вясковых могілак у пошуках знаёмых імёнаў – Чарнухі, Гумены, Дэцы, Амельяновічы, Бухавецкія (прозвішчы па маці Уладзіміра – Алы Іллінічны, якая родам Пружаншчыны).

Па-трэцяе, значную колькасць сямейнай дакументацыі склалі звесткі, сабраныя ў архівах, бібліятэках, музеях. У Нацыянальным гістарычным архіве ўжо адкрыты звесткі не толькі аб пружанскіх “каранях”, але і мінскіх – сем’ях Селістроўскіх і Паўлюцяў – продках Таццяны Антонаўны.

Урачыстае адкрыццё выставы стала падзеяй у жыцці многіх людзей. 12 лістапада ў “Пружанскі палацык” з’ехаліся з розных куткоў Беларусі родныя Аркадзьевых, якіх яны знайшлі падчас сваіх даследаванняў. Многія з іх не бачыліся дзесяткі гадоў, іншыя нават не ведалі аб існаванні адзін аднаго. Прыйшлі аднакласнікі Уладзіміра Ігаравіча і настаўнікі, аднавяскоўцы, іншыя госці.

Выстава-радавод “Ад каранёў сваіх”, якая будзе працаваць ў музеі да канца снежня,  – прамежкавы вынік працы сям’і Аркадзьвых. На ёй прадстаўлена больш за 100 экспанатаў, у тым ліку 30 стэндаў са фотаздымкамі і дакументамі, прыкладны радавод сям’і Чарнухаў (пачынаючы з 1814г.), мастацкія работы і інш. Выстава будзе цікавай для шырокага кола наведвальнікаў.

Пракаповіч Наталія,
галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”

Фота

Госці мерапрыемства

  • Фота 1/3
  • Фота 2/3
  • Фота 3/3

Крыніца: Пружанскі палацык