Фестываль "Кахай па-беларуску, жыві па-еўрапейску"

Фестываль "Кахай па-беларуску, жыві па-еўрапейску"


Ініцыятыва "Твой фэст" распачала працу над фестывалем пад назваю "Кахай па-беларуску, жыві па-еўрапейску". Мэта фестываля паказаць каштоўнасці беларускай культуры ў ракурсе культуры еўрапейскай.

У працэсе працы мерапрыемства разраслося да двухднеўнага фестываля. У першы дзень фэсту ўдзел у ім возьмуць беларускія паэты, барды ды замежныя амбасадары розных краін, другі ж дзень будзе прысвечаны сучасным кірункам беларускай музыкі і дызайна, кажа арганізатар фэсту, паэтка Валерыя Кустава.

- Мы робім першы фестываль беларускай еўрапейскай культуры. Ён будзе складацца з 2-х частак. Першы дзень будзе больш лірычны, паэтычны. Другі дзень -- больш моладзевы, сучасны, запальвальны, рокавы. Па сваёй сутнасці яны вельмі адрозніваюцца, хаця пасыл беларускасці нясуць усе выканаўцы.

Да выступу на фестывалі будуць абраныя лепшыя беларускія музычныя выканаўцы, якія даслалі заяўкі на ўдзел у фэсце, а таксама запрошаныя літаратары, грамадскія і культурныя дзеячы. Акрамя таго ў рамках фестываля адбудзецца конкурс маладых дызайнераў, галоўны пераможца якога атрымае магчымасць наведаць адну з еўрапейскіх сталіц. Адбудзецца фестываль у пачатку-сярэдзіне снежня ў Мінскім клубе "Loft". Падрабязнасці пра ініцыятыву "Твой фэст" ды непасрэдна фестываль пад назваю "Кахай па-беларуску, жыві па-еўрапейску" можна даведацца на інтэрнэт-старонцы tvojfest.org.

Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя