У Варшаве адбыўся чарговы канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча

У Варшаве адбыўся чарговы канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча


Нягледзячы на афіцыйныя забароны ў краіне, Вайцюшкевіч надалей збірае поўныя залі. Праўда, гэтым разам аматары музычнай творчасці фронтмена «W-Z Orkiestrа» сустрэліся ў варшаўскім клубе «Склад бутэлек».

Апошнім часам Вайцюшкевіч часцей за ўсё выступае па-за межамі Беларусі. Хаця сітуацыя з выступамі ў краіне вельмі складаная, музыка спадзяецца, што бліжэйшым часам ўлады дазволяць яму зладзіць канцэрт:

- Пакуль што, афіцыйна не даюць. Я спадзяюся, што дадуць магчыма на Новы год ці Божае Нараджэнне. Пакуль толькі такія невялічкія, лакальныя выступы ці проста нейкая фірма замаўляе паслухаць беларускую мову.

Як звычайна на беларускіх імпрэзах у Варшаве, вялікую частку публікі склалі студэнты з Беларусі. Франак Вячорка, моладзевы лідар, які зараз навучаецца ў Польшчы мяркуе, што Вайцюшкевіч і яго музыка – самае лепшае, што Беларусь можа прапанаваць Польшчы:

- Тое, што ён паказвае свае творы ў Варшаве, гэта натуральна, таму што гэта найлепшае, што беларусы могуць прадаставіць Польшчы. Вайцюшкевіч цікавы любой публіцы, у яго ёсць песні для кожнага.

У «Складзе бутэлек» Зміцера Вайцюшкевіча падтрымаў баяніст гурта «W-Z Orkiestra» Аляксандр Шувалаў, а песню з праекта «Мой сябра анёлак» артыст выканаў разам з Настай Някрасавай.

Галоўным арганізатарам «Беларускага вечара» ў Варшаве выступіла Незалежнае згуртаванне студэнтаў.

Ганна Мордань, Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара

Фота
  • Фота 1/5
  • Фота 2/5
  • Фота 3/5
  • Фота 4/5
  • Фота 5/5

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя