|
|
Турнір лучнікаў “Страла святога Губерта” прайшоў у Гродне
Турнір лучнікаў “Страла святога Губерта” прайшоў у Гродне ў межах грамадскіх дзён горада. Мерапрыемства сабрала два дзясяткі ўдзельнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі, большасць з іх выступала ў сярэднявечных строях.
На думку ваяводы ваенна-гістарычнага клуба “Гродзенскі двузуб” і аднаго з арганізатараў мерапрыемства Дзмітрыя Думчава павелічэнне колькасці ўдзельнікаў ды цікаўнасць з боку гараджан сведчыць аб тым, што турнір пачынае набываць папулярнасць.
- Святы Губерт - заступнік паляўнічых, а лучнікі ў Сярэднявеччы лукамі часцей палявалі, чым ваявалі. Адпаведна турнір лучнікаў на Святога Губерта вельмі актуальны. Адбываецца ён ужо другі раз. У мінулым годзе было не так шмат удзельнікаў, было каля 10 чалавек, у гэтым годзе ўжо 20. Я спадзяюся, што мы будзем і далей развівацца, кожны год будзе больш людзей. Цяпер ужо ў нас прадстаўлены людзі з 5 клубаў з 4-х гарадоў Беларусі. Спадзяемся, што ў наступным годзе вырасцем у гарадское мерапрыемства, больш вялікае, з большай рэкламай.
Святы Губерт, у гонар якога праводзіўся турнір, лічыцца нябесным заступнікам Гродна. Паводле легенды, падчас палявання яму явіўся алень з залатым крыжам памiж рагамi. Пасля гэтага Губерт раздаў сваё багацце бедным і стаў прапаведнiкам хрысцiянства, абаронцам жывёл, за што быў абвешчаны святым. Доўгi час дзень святога Губерта адзначаўся ў Гродне як дзень горада.
Гражына Шалкевіч, Радыё Рацыя, Гродна
Фота аўтара.