Прэзентацыя кнігі, прысвечанай Аляксандру Надсану, у Мінску

Бібліятэкар

Беларускае Радыё Рацыя
21.10.2010


У Мінску прэзентуюць кнігу пад назвай “Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца”.  Багата аздобленае выданне, якое налічвае 620 старонак, прысвечанае айцу Аляксандру Надсану – апостальскаму візітатару для беларусаў католікаў замежжа.

У выданні прадстаўлены артыкулы і даследаванні ста аўтараў з 14 краін свету. Кажа ўкладальніца кнігі Ірына Дубянецкая:

– Гэтая кніга прысвячаецца айцу Аляксандру, яму гэтыя добрыя словы. Насамрэч гэтая кніга пра ўсю Беларусь і гэтыя словы адрасаваныя ўсёй Беларусі. Упершыню зробленая спроба сабраць пад адной вокладкай усё, што адбываецца ў Беларускім гуманітарным свеце, у беларускім мысленні і ў тым, што гаворыцца пра Беларусь у шырокім свеце. У гэтай кнізе фактычна прадстаўлена ўся Беларусь.

Прэзентацыя кнігі “Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца” пройдзе ўвечары 21-га кастрычніка ў мінскай бібліятэцы імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі. У імпрэзе возьме ўдзел і сам айцец Аляксандр Надсан.

З нагоды прыезда айца Аляксандра Надсана ў Беларусь ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі адкрыецца выстава, прысвечаная аднаму з самых значных рэлігійных дзеячоў беларускай эміграцыі.  На ёй будуць прадстаўлены кнігі, артыкулы, рэцэнзіі айца Аляксандра. Сярод іх выданні аўтара, прысвечаныя славутым беларускім асветнікам Кірылу Тураўскаму, Францыску Скарыне, тэалагічная праца “Наша вера”,  выдадзеныя ў Лондане і Мадрыдзе за апошнія 40 год. Кажа доктар тэалогіі Ірына Дубянецкая.

- Акадэмічная бібліятэка, а дакладней аддзел рэдкай кнігі, падрыхтавалі выставу публікацый айца Александра, якія знаходзяцца у Акадэмічнай бібліятэцы. Яны вельмі адказна і сур'ёзна да гэтага паставіліся і якраз сёння адбудзецца адкрыццё гэтай выставы. Там можна будзе паглядзець вельмі вялікую колькасць публікацыяў. Далёка не ўсё, таму што далёка не ўсё патрапіла ў Беларусь. Тое што ёсць у акадэмічнай бібліятэцы- тое можна будзе паглядзець.

Айцец Аляксандр Надсан прыязджае ў Беларусь з нагоды прэзентацыі кнігі “Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца”, мінская прэзентацыя якой пройдзе 21-га кастрычніка ў той жа бібліятэцы імя Якуба Коласа.

test
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя