Дні Святога Губерта пачынаюцца ў Гродне

Дні Святога Губерта пачынаюцца ў Гродне


Выставай жывапісу ў мастацкай галерэі “Крыга” ды творчай сустрэчай з гуртом “Стары Ольса” гродзенцы распачнуць святкаванне чарговых Дзён Святога Губерта.

Адзін з арганізатараў мерапрыемства, Эдвард Дзмухоўскі, адзначае, што ў мінулым, на Дзень Святога Губерта, які адзначаецца 3-га лістапада, прыпадаў Дзень горада. Любіць свой горад, ведаць яго гісторыю, быць неабыякавымі да таго, чым ён жыў і жыве, а таксама пашыраць традыцыі шанавання святых-заступнікаў – асноўныя мэты грамадскіх дзён горада.

- Cамая галоўная ідэя гэтага мерапрыемста - абуджаць пачуцце гонару і годнасці ў гараджан і проста абуджаць пачуццё гараджаніна, гарадзенца. Каб людзі любілі свой горад, каб пра яго дбалі, каб яны ведалі яго гісторыю. Гэта наўпрост мы звязваем з сімвалам нашага гораду – гербам, на якім выява аленя Святога Губерта.

У межах мерапрыемства адбудзецца таксама міжнародная навуковая канферэнцыя “Гарадзенскі палімпсест – IV: асоба, грамадства, дзяржава”, дзе гісторыкі з Беларусі, Польшчы і Расіі прадставяць даследаванні пра Гродна XIX-XX стагоддзяў і часоў Вялікага Княства Літоўскага. Інтэрнаўты, у сваю чаргу, паспаборнічаюць у віртуальнай гістарычнай віктарыне “Лёсы, падзеі, людзі”.

Гражына Шалкевіч, Радыё Рацыя, Гродна

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя