|
|
Дударскі клуб адкрыў новы сезон у мінскім клубе "Re:Public". За 5 год існавання дударскі клуб, мэта якога папулярызацыя беларускай дуды, існаваў як на прасторах вуліц беларускай сталіцы, так і ў разнастайных кавярнях і клубах.
У гэтым годзе дудары вырашылі паспрабаваць фармат вялікага канцэртнага клубу, што з'явілася справай не звыклай, але вартай,заўважыў цяперашні арганізатар дударскага клубу Яўген Барышнікаў.
- Усё па-новаму, усё пакуль не зразумела, бо першы раз у гэтым новым месцы. Месца вельмі вялікае і трошкі адчуванні супярэчлівыя ў тым сэнсе, што пакуль нязвыкла. Адчуванне насцярожанае, трошкі не ясна. Мне хацелася б, каб людзі адчувалі сябе больш утульна тут.
У новым клубе адбыліся традыцыйныя для сустрэч дударскага клубу выступленні сольных дудароў і гуртоў, майстар-класы і танцы пад дуду. Нягледзячы на перамену месца правядзення, дударскі клуб працягвае выконваць сваю галоўную ролю, зазначыў адзін з пачынальнікаў клубу, лідар гурта "Стары Ольса", Зміцер Сасноўскі.
- Клуб для мяне, як прадзюсара Дударскага фэсту, з'яўляецца месцам, дзе новыя ідэі гадуюцца, новыя гурты, сустрэчы, новыя музыкі прыходзяць, каб выпрабаваць тут новую ідэю.
Дударскі клуб будзе праводзіць свае сустрэчы на новай пляцоўцы рэгулярна. Кожны другі тыдзень, па серадах, у мінскім клубе "Re:Public" будуць збірацца лепшыя дудары, гурты і выканаўцы, а таксама людзі, якія цікавяцца беларускай дудой, народнымі танцамі і музыкай.
Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск