"Аднак" наведае Магілёў

"Аднак" наведае Магілёў


Фестываль беларускамоўнай рэкламы «Аднак» наведае Магілёў. «Аднак» - першы фестываль, прысвечаны беларускамоўнай рэкламе.

Два гады запар фэст дзейнічае ў беларускай сталіцы і, дасягнуўшы поспехаў у сферы прафесійнай рэкламістыкі ў Мінску, вырашыў наведаць рэгіёны Беларусі. Так, пасля паспяховай сустрэчы ў Гродне, прэзентацыя і майстар-класы фестываля «Аднак» адбудуцца ў Магілёве, а пасля і ў іншых гарадах Беларусі, зазначыла адна з арганізатараў фэста Ніна Шыдлоўская.

- Інфармацыная хваля часта асядае ў асяродках на ўзроўні сталіцы і цэнтральных агенцыяў, а людзі ў рэгіёнах застаюцца па-за гэтай інфармацыйнай прасторы. Таму трэба самім ехаць у рэгіёны і падштурхоўваць мясцовых адмыслоўцаў да ўдзелу ў наступных нашых фестывалях.

Па выніках сустрэчы ў Гродне можна зазначыць, што да беларускамоўнай рэкламы беларускія рэгіянальныя гарады гатовыя, але пэўны штуршок у гэтым накірунку рэгіянальным рэкламістам патрабуецца, кажа прэсавы сакратар кампаніі «Будзьма беларусамі» Алесь Плотка.

- Па тым, які рэзананс, якія пытанні нам шлюць з рэгіёнаў, пра што пытаюцца людзі, я не магу сказаць, што ўсе беларускія абласныя цэнтры, шмат якія рэгіёны маюць вельмі добры досвед беларускасці. Людзям цікава, людзі вельмі актыўныя. Магчыма гэта нейкі вакуум, абмяркоўванне гэтых тэмаў беларускай рэкламы па-за Мінскам. Тое, якія гэтыя высілкі дадуць канкрэтныя плады працы - рэкламістыкі, рэкламы - пакажа час.

На сустрэчы ў Магілёве адбудуцца выступы з прэзентацыямі і майстар-класамі ад кіраўніка інтэрнэт-праекту “Marketing.by” Сяргея Скарахода, кіраўніка камунікацыйнага агенцтва “EZERIN’COM” Андрэя Эзерына, а таксама прадстаўнікоў кампаніі «Будзьма беларусамі» Алены Макоўскай і Ніны Шыдлоўскай. Сустрэча, удзел у якой бясплатны, але патрабуе папярэдняй рэгістрацыі, адбудзецца 3 лістапада з 13-й да 18-й гадзіны ў канферэнц-зале гасцініцы “Магілёў” па адрасе праспект Міра, 6.

Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск

Фота ezerin.com

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя