Дударскі клуб адкрые сезон вечарынай у “Re:Public”

Дударскі клуб адкрые сезон вечарынай у “Re:Public”


Адкрыццё новага сезону Дударскага клубу адбудзецца ў мінскім клубе “Re:Public”. Дударскі клуб існуе з 2007-га года і за асноўную сваю мэту лічыць папулярызацыю і адраджэнне беларускай дуды ў Беларусі.

Вечарыны, напачатку існавання клуба, праводзіліся наўпрост на вуліцах Мінска, дзе збіраліся знакамітыя беларускія дудары і людзі, ахвотныя паслухаць старадаўні беларускі народны інструмент ды патанчыць пад фальклорныя мелодыі. З цягам часу дударскі клуб рабіўся  ўсё больш масштабнай з’явай, праводзіў свае імпрэзы ў разнастайных кавярнях і невялічкіх клубных памяшканнях Мінска. На дадзены момант ініцыятыва дарасла да рэгулярных імпрэз у вялікім канцэртным клубе, зазначае цяперашні куратар дударскага клубу Яўген Барышнікаў.

- Пачыналася ўсё першапачаткова з танцаў на вуліцы. І некалькі год імпрэзы адбываліся рэгулярна ў халодны сезон. І ў гэтым сезоне ў клубе “Re:Public” збяруцца людзі, якія будуць граць без нейкіх акцэнтах на гуртах і асобах. Будзе зрэз таго, што чакае нашых гасцей у гэтым сезоне.

Адкрые сезон 2011-2012 года дударскі клуб імпрэзай, на якой зайграюць знакамітыя дудары Беларусі, музыкі гуртоў Стары Ольса, Testamentum Terrae, Келіх Кола, Cornucopia, а таксама Тодар Кашкурэвіч, Андрэй Мароз i iншыя. Таксама ў праграме вечару выступы адмысловых гасцей, беларускія і еўрапейскія народныя танцы, бясплатныя майстар-класы, кансультацыі ў настройцы і карыстанні беларускай дудой. Адбудзецца імпрэза ў мінскім клубе «Re:Public» а 19-й гадзіне. Надалей вечарыны Дударскага клубу будуць адбывацца кожныя два тыдні па серадах у клубе “Re:Public” у Мінску.

Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск.

Фота skepsys.livejournal.com

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя