|
|
Галдзенкоў прэзентаваў раман пра невядомую вайну XVII ст.
Падзеі невядомай вайна 1654 - 1667 гадоў апісаў у сваім гістарычным рамане Міхаіл Галдзенкоў. Дагэтуль невядомыя гістарычныя факты разам з вымыслам аўтара ўтварылі гістарычны раман “Князь Кміціч”.
Першыя дзве кнігі рамана, «Огненный всадник» і «Тропою волка», прэзентаваныя ў мінскай кнігарні выдавецтва “Логвінаў”. Абедзьве кнігі напісаныя на рускай мове. Падобнага кшталту выданне безумоўна з’яўляецца значанай падзеяй у беларускай літаратуры, але такія кнігі мусяць выходзіць па-беларуску, заўважыў сябра пісьменніка, выдавец і літаратар Зміцер Вішнеў.
- У кожным выпадку, калі ў літаратурнай прасторы з’яўляюцца кніжныя навінкі, гэта заўсёды добра. Спадзяюся, што гэтая кніга знойдзе свайго чытача. Я ўсё ж такі прыхільнік беларускай літаратуры па-беларуску, таму спадзяюся, што неўзабаве Міхаіл Галдзенкоў пяройдзе на беларускую мову.
У кнігах рамана «Князь Кміціч» апісаныя падзеі вайны 1654 - 1667 гадоў, падчас якой памёр кожны другі беларус. Пра гэтую вайну, па сцвярджэннях аўтара, у беларускай літаратуры дагэтуль не пісаў ніхто. Гістарычныя падзеі, адлюстраваныя ў выданні, адкрываюць шмат новага, сенсацыйнага, кажа аўтар кнігі Міхаіл Галдзенкоў.
- Канешне, гэта адкрыццё для беларускага чытача, таму што, калі я знаёміўся з дакументамі, я сам быў у лёгкім стане шока. Гэта адкрыццё. І для мяне асабіста было адкрыццём. Думаю, што для многіх гэта сенсацыя.
Міхаіл Галдзенкоў вядомы беларускаму чытачу па выданнях «Осторожно, хот-дог», «Полёт дубового листа», «Гуано жар-птицы» ды іншых кнігах. Цяпер аўтар вырашыў папрацаваць над гістарычнымі тэмамі. Першыя дзве кнігі раману “Князь Кміціч” ужо прэзентаваныя беларускаму чытачу. У дадзены час Міхаіл Галдзенкоў працуе над працягам твора, які ўвасобіцца ў трэццяй кнізе рамана.
Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск