"У нескладовае" хоча даказаць сваю ўнікальнасць

Бібліятэкар

Беларускае Радыё Рацыя
20.10.2010


Паўстаў новы музычны праект – “У нескладовае”. Яго заснаваў Раман Арлоў, вядомы беларускі гітарыст, былы ўдзельнік гурта J:Морс, сын пісьменніка Уладзіміра Арлова. Свой аднайменны дыск музыкі маюць прэзентаваць у Маскве і Мінску.

Як заяўляе яго стваральнік, Раман Арлоў, ідэя ў тым, каб прапагандаваць музыку на расійскіх прасторах.

- Літара "Ў" робіць нас сапраўды ўнікальнымі. Асабліва гэта адчуваецца, калі выязджаеш хаця б у Маскву. Таму мы адназначна працуем на гэты сімвал.

“У нескладовае” падтрымала грамадская кампанія “Будзьма беларусамі”. Адзін з яе каардынатараў Севярын Квяткоўскі тлумачыць, у чым адчуваецца важнасць гэтага музычнага праекту.

- Немагчыма існаваць у гэтым свеце ў замкнёнай беларусацэнтрычнай прасторы. Трэба сябе ўсведамляць у кантэксце. І тое, што Раман Арлоў хоча прасоўваць гэты праект пра Маскву, дык у Расіі жыве як мінімум адзін мільён беларусаў. Хоць многія не задумваюцца на конт саёй нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Пакольку мы ў першую чаргу займаемся гэтай тэмай, для нас гэта вельмі важна, тое што Раман Арлоў і ягоныя сябры вось гэты беларускі праект спрабуць зрабіць з тэрыторыі нашай усходняй суседкі.

Прэзентацыя дэбютнага дыску праекту “У нескладовае” адбудзецца ў Мінску 28-га кастрычніка пры ўдзеле запрошаных вакалістаў, сярод якіх, такія вядомыя выканаўцы, як Ганна Хітрык, Аляксандр Памідораў, Алег Хаменка, Віктар Рудэнка ды іншыя.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя Фота: generation.by