|
|
Учора, 2 лістапада, у музее-сядзібе "Пружанскі палацык" адбылася адна важная імпрэза. Тут праходзіла прэзентацыя калекцыі кніг Юзафа Крашэўскага. Літаральна тыдзень таму музей набыў 40 адзінак твораў гэта сусветнавядомага пісьменніка, мастака, навукоўца. Пружаншчына звязана непасрэдна з імём Крашэўскага - тут, у весцы Доўгае знаходзіўся маёнтак бацькоў Юзафа, ў Шарашове пахаваны яго бацька Ян - пружанскі харнужы.
Супрацоўнікі музея, на чале з яго дырэктарам Юрыем Зялевічам, выявілі калекцыю яшчэ летам, але райвыканкам не знайшоў грошай, каб аплаціць набыццё гэтага збору. Тады на дапамогу прыйшоў мясцовы прадпрымальнік, дырэктар ГАА "Стройдомгруп" Андрэй Лахніцкі, які выдзяліў фінансавыя сродкі на гэты культурный акт.
Спадчынніца гэтага збору, Іна Ўрублеўская, распавяла, што кнігі збірала ўсё жыццё яе маці - Клаўдзія Пятроўна Макавецкая. Апасля першага класу Клаўдзія Пятроўна цяжка захварэла і згубіла слых - таму адзіным выйсцем прагі да адукацыі было чытанне. Вялікая бібліятэка складалася нятолькі з Крашэўскага - тутака быў і Г.Сінкевіч і Б.Прус, рускія пісьменнікі. Але пружанскі пісьменнік тут займаў асаблівае мейсца. Толькі паглядзець на час выданняў: яшчэ прыжыццёвае - "Сакрэт пана Чурылы" 1877 года, выданне да стагоддзя Крашэўскага 1912 года, кніжкі з польскай гімназіі 1920-30 гг., і вялікая колькасць выданняў, цэлых серый часу ПНР. Між іншым, акрамя агульнага збору, 12 кніг Іна Ўрублеўская перадала музею ў дар.
Будзем спадзявацца, што гэтае мерапрыемства дало старт буйнаму святкаванню 200-годдзя пісьменніка ня толькі на Пружаншчыне, а і на Беларусі, якое сусветнае грамадства будзе адзначаць ў 2012 годзе.
Яўхім Рупайла
Пружаны