|
|
30 кастрычніка, у апошнюю суботу месяца, у сядзібе Таварыства беларускай культуры ў Літве адбылася чарговая імпрэза. Ужо цэлы год у ТБК існуе прыгожая традыцыя – кожнае мерапрыемства вядзе адзін з чальцоў Рады арганізацыі. Гэтым разам ганаровы абавязак паў на Валеру Радзюкевіча. Ён і распачаў імпрэзу расповедам пра знаёмства з выбітным беларускім гісторыкам, археолягам і краязнаўцам Генадзем Каханоўскім.
Каханоўскі жыў і працаваў у родным для Валеры Радзюкевіча горадзе – Маладэчне. Каханоўскі скончыў у Маскве пэдагагічны інстытут, быў дырэктарам Менскага абласнога краязнаўчага музэю ў Маладэчне. Радзюкевіч зь ім пазнаёміўся яшчэ будучы навучэнцам – пасьля пэдагагічнага інстытуту Каханоўскі выкладаў у школе. Валеру вельмі ўразіла харызматычнасьць Каханоўскага, пэдагагічны талент і адданасьць сваёй працы. Увагай вучняў-падлеткаў ён валодаў выдатна (што шмат каму бывае вельмі складана) – у класе стаяла такая цішыня, што магчыма было пачуць, як ляціць муха. Пасьля школы Валер захаваў добрыя стасункі з Каханоўскім і да яго сьмерці падтрымліваў зь ім кантакт.
Таксама ў жыцьці беларускай часткі віленскай грамады ў апошні час адбылася важная падзея: на літоўскім радыё “Культура” пачала выходзіць абноўленая перадача “Тутэйшы час” з новым вядучым Андрусём Старавойтавым, таму наступным слова ўзяў аўтар праграмы. Андрусь распавёў, калі выходзіць яго перадача і як яе можна паслухаць. Таксама была прэзэнтаваная адна з праграм, што ўжо гучала ў эфіры. (перадачу “Тутэйшы час” з Андрусём Старавойтавым таксама можна знайсьці й праслухаць на сайце літоўскага радыё і тэлевізіі).
У сёлетнім кастрычніку споўнілася 35 гадоў са дня сьмерці вельмі неадназначнай асобы ў беларускай гісторыі – Радаслава Астроўскага, які працяглы час быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі. Сябра ТБК Артур Яўмен распавёў пра жыцьцё і дзейнасьць Астроўскага, пасьля чаго Алесь Адамковіч зрабіў прамову пра выбітнага беларускага сьвятара – Часлава Сіповіча.
Часлаў Сіповіч быў айцом-марыянам. У свой час братоў марыянскага ордэну польскія ўлады змусілі зьехаць зь Віленшчыны. І так склалася воляй лёсу, што Сіповіч апынуўся ў Рыме, дзе скончыў папскі Грыгарыянскі ўнiвэрсытэт. Пасьля гэтага Часлаў актыўна працаваў на ніве разьвіцьця беларускай культуры як у духоўнай галіне, так і ў сьвецкай. Быў выбітным дзеячом беларускай эміграцыі й стваральнікам Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лёндане.
Мерапрыемства завяршыў старшыня таварыства Хведар Нюнька, які падзяліўся ўспамінамі часоў стварэньня Беларускага Згуртаваньня Вайскоўцаў, арганізацыі, афіцыйна зарэгістраванай ў кастрычніку 1991 г. Старшыня прыгадаў незабыўныя ўражаньні са дня ўрачыстага прынясеньня вайскоўцамі прысягі Рэспубліцы Беларусь, што адбылася ў Менску пад нацыянальнй сымволікай, а таксама заклікаў да салідарнасьці са стваральнікам БЗВ Міколам Статкевічам, які зараз знаходзіцца ў кіпцюрах карнай машыны існуючага на Беларусі рэжыму.
Наступная імпрэза ТБК адбудзецца 26 лістапада. Шчыра запрашаем!
Вітольд Паўлюкевіч
Вільня 2 лістапада 2011 г.