|
|
Прэзентацыя “Нататніка з Гродзенскага гета” у Гродне
“Нататнік з Гродзенскага гета” – дзённік аднаго з 29 тысяч габрэяў-вязняў прэзентавалі ў Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі.
Кніжка, выдадзеная каталіцім святаром айцом Юзафам Макарчыкам, змяшчае аўтэнтычныя запісы невядомага габрэя, якія былі выпадкова знойдзены ў мінулым стагоддзі ў руінах гродзенскага гета. Як падкрэслівае гісторык Уладзімір Ляўшук, апублікаваныя тэксты – адзін з нямногіх дакументаў знішчэння габрэяў.
- Чаму яна такая каштоўная? Па-першае, напісана па-польску, чалавек быццам бы павінен быў пісаць на іўрыце, ён піша па-польску, ён жыве тут, ён такі як мы, як мы цяпер, якія жывем у адной краіне, гаворым на 3 мовах вельмі часта, чалавек памежжа. Тут ёсць такі момант: «Мая дачушка Тося жыла 16 гадоў і 10 гадзін». Які бацька памятае гадзіны жыцця свайго дзіцяці, наколькі павінен быў гэты чалавек любіць сваё дзіця, каб адлічваць час ад яго нараджэння. Яна ў яго загінула, ён жыве далей і пры гэтым ён моліцца, дзіўна ён ні разу не скардзіцца. Ён жыве ў адчуванне свайго жыцця, як дару.
Імя аўтара нататніка застаецца невядомым да нашыга часу. Гісторыкі мяркуюць, што гэта быў адукаваны чалавек ва ўзросце 40 гадоў, які на працягу васьмі тыдняў у 1943 г. разам з іншымі гродзенскімі габрэямі знаходзіўся ў схованцы на гарышчы дома.
Гражына Шалкевіч, Радыё Рацыя, Гродна