|
|
Бабіна і Алексіевіч патрапілі ў шорт-ліст «Ангелуса»
Чарговыя дзве кнігі беларускіх аўтараў, выдадзеныя ў Польшчы, патрапілі ў гэтай краіне ў шорт-ліст прэстычнай літаратурнай прэміі. “Рыбін горад” Наталкі Бабінай і «У вайны не жаночае аблічча» Святланы Алексіевіч прэтэндуюць на літпрэмію «Ангелус», якую заснаваў горад Уроцлаў.
Пазалетась на гэтую прэмію вылучаўся раман Ігара Бабкова «Адам Клакоцкі і ягоныя цені». Наталка Бабіна прызнаецца, што яна вельмі ўдзячная выдавецтву Rebis, якое не толькі выдала яе кнігу, але і наладзіла прамацыйны тур па ўсёй Польшчы. У выніку кніга добра разышлася і аўтарка атрымала шмат водгукаў ад чытачоў.
- Рэакцыя польскіх чытачоў, гэта тое, што мяне найбольш уражвае і найбольш цешыць. Мне прыходзяць электронныя лісты ад палякаў з Варшавы, з Познані, з невялічкіх гарадкоў над Бугам, якія купілі гэты раман па-польску, прачыталі, нешта іх там зачапіла, і яны захацелі напісаць аўтарцы. Яны мне пішуць. Гэтая рэакцыя вельмі дарагая для мяне.
Разам з «Рыбіным горадам» і «У вайны не жаночае аблічча» на літаратурную прэмію "Ангелус" прэтэндуюць таксама творы ўкраінкі Марыі Маціос, немца Джэні Эрпенбек і албанца Ісмаіла Кадарэ.
Васіль Кроква, Радыё Рацыя