Лявон Вольскі запрашае на "Бардаўскую восень"

Бібліятэкар

Беларускае Радыё Рацыя, Аляксей Красоўскі
20.10.2010


Сярод зорак фестывалю “Бардаўская восень 2010” сваю акустычную праграму прадставіць добра вядомы як на Беларусі, так і на Беласточчыне, выканаўца – Лявон Вольскі.

Напярэдадні фестывалю журналіст Радыё Рацыя пагутарыў з музыкам:

– Вельмі добра і класна, што ёсць такі фестываль, па-першае, для маладых імёнаў беларускіх музыкаў, не толькі бардаў, але і тых, хто можа нешта сказаць у акустычнай форме, нават рок-музыкі. Бардаўская восень штогод іншая, бо прыязджаюць розныя ўдзельнікі і выканаўцы. Не памятаю, каб ішоў дождж ці пахмурна было ў гэтыя дні, файны Бельск, коміны дымяць, лістота жоўтая. Тут такая хатняя, утульная, местачковая атмасфера.

РР: Часта пашыраецца фармат фестывалю за кошт розных стыляў, блюз-мены выступаюць. Як вы ставіцеся да такога кірунку развіцця “Бардаўскай восені”?

– Іначай не можа быць, бо калі будзе такі застойны бард класічны, то гэта будзе тупіковая галіна развіцця беларускай музыкі, гэта будзе штогод тая ж самая публіка. Таму, безумоўна, трэба амаладжаць кроў такімі нехарактэрнымі для бардаўскай музыкі плынямі: рок, рок-н-рол, блюз, можа джаз. Але ўсё гэта ўласціва для лепшай формы бардаўскай музыкі, напрыклад, Акуджава таксама эксперыментаваў колькі разоў і з фартэпіяна, і з іншымі інструментамі. Калі браць Высоцкага, дык ён увогуле з аркестрамі спяваў. Мне больш падабаецца, калі для вузкага жанру ідуць эксперыменты.

РР: Вас можна было на мінулым фестывалі заўважаць у ліку сябраў журы. Як вы ставіцеся да конкурснай праграмы, ці адкрывае яна новыя імёны?

– Летась я паглядзеў, наколькі сур’ёзна выглядае гэты адбор, наколькі шмат таленавітых музыкаў.

РР: Ці розніцца неяк глядач бельскі, беларускі, іншы нейкі?

– Бельская публіка не адрозніваецца ад мінскай, якая, напрыклад, прыходзіць на акустычны канцэрт у Графіці. Яна вельмі абазнаная, ведае большасць песень, вельмі цёплая публіка. Я не бачу такой вялікай розніцы. Тым больш, мне падаецца, што для Бельска гэта вельмі істотны фестываль.

РР: Што менавіта вы прэзентуеце на сёлетнім фестывалі?

– Прэзентавана будзе “салянка” з усіх праектаў у кантэксце акустычнага канцэрта. Зробім, каб было весела і душэўна. Прыходзьце, прыязджайце ў Бельск, будзе выдатны дух, атмасфера фестывалю, слухайце ўсіх і слухайце мяне, я кепскаму не навучу.

Акустычную праграму з гітоў і новых песень Лявона Вольскага можна пачуць на фестывалі “Бардаўская восень 2010” у вечар 23-га кастрычніка на сцэне Бельскага дому культуры.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя Фота: generation.by