«Бардаўская восень 2011»

«Бардаўская восень 2011»


У Бельску Падляшскім скончыўся першы дзень фестывалю Беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні "Бардаўская восень"2011.

Увага гледачоў была скіравана на канкурсантаў, якія ў сваю чаргу спрабавалі схіліць да сябе прыхільнасць гледачоў і членаў журы. Адзначае адзін з арганізатараў "Бардаўскай восені", старшыня "Звязу беларускай моладзі" Міхась Стэпанюк:

- Самае галоўнае, што кожны год маем конкурс. Кожны год да нас у Бельск з’язджаюцца канкурсанты, якія спяваюць свае песні, таксама прысутнічаюць запрошаныя госці. Гэта стандарт для “Бардаўскай восені, конкурс і запрошаныя госці гэта перадусім добрая атмасфера.

Як адзначае каардынатар конкурснай часткі Бардаўскай восені Алесь Кот-Зайцаў, гэтым разам давялося выбіраць удзельнікаў сярод некалькіх дзесяткаў заяў:

- Я займаюся арганізацыяй адборачнага туру на конкурсную праграму “Бардаўскай восені” ўжо трэці год. Магу сказаць, што заўважны рост цікавасці, то бок у гэтым годзе было не менш чым у мінулым, а можа нават і больш. Было каля трыццаці заявак на конкурс.  

Заўтра стане вядомы пераможца "Бардаўскай восені 2011". Таксама ў суботу ў Тэрэмісках, Гарадку і Бельску Падляшскім адбуцца канцэрты вядомых выканаўцаў Дар'і Кадамскай, Яўгена Барышнікава і Зміцера Вайцюшкевіча. А ў нядзелю "Бардаўскую восень" будзе сустракаць таксама і Беласток.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя