|
|
Канцэртам у Беластоцкім лялечным тэатры завяршаецца 18-ты фестываль бардаўскай і аўтарскай песні “Бардаўская восень 2011”. Арганізатары імпрэзы, сябры Звяза беларускай моладзі, не хаваюць свайго задавальнення і кажуць, што фестываль атрымаўся цікавым і насычаным.
Традыцыйна “Бардаўская восень” адкрывае новыя імёны, а нават выхоўвае новыя таленты – адзначае сябра Звязу Ігар Лукашук:
- Я, нават, сказаў бы, што выхоўвае новыя таленты. Можна заўважыць, што на «Бардаўскай восені» выхавалася новае пакаленне выканаўцаў, якое цяпер выступаюць на сцене, як зоркі. Гэта людзі або гурты, якія атрымлівалі Гран-пры ў конкурсах, а цяпер яны запрашаюцца, як зоркі першага фармата беларускай музычнай сцэны.
Паліна Рэспубліка – дзяўчына, якая атрымала Гран-пры фестываля, адзначае, што ўражана не толькі перамогай, але і горадам Бельск Падляшскі, дзе праходзіла конкурсная праграма:
- Вельмі моцныя ўраджанні, мне вельмі спадабаўся горад, вельмі ён такі атмасферны і цёплы. Самае маё галоўнае пацуццё, якое я адчула на «Бардаўскай восені», было матывіруючае: мне захацелася рабіць якасную музыку і, я думаю, што гэты Гран-пры я паспрабую ўкласці ў тое, каб неяк развівацца далей, таму што я разумею, што мне гэтага хочацца.
Сярод тых, хто ў свой час сталі лаўрэатамі “Бардаўскай восені” – зоркі сённяшняй сцэны. Між іншымі, Віктар Шалкевіч, гурт “Босае Сонца” , Ілона Карпюк ды іншыя.