|
|
У Любліне адбудзецца міжнародны культурніцкі кангрэс
Культурніцкі кангрэс Усходняга партнёрства адбудзецца з 21-га па 23-га кастрычніка ў Любліне. Прадстаўнікі 17-ці краін Еўразвязу і Усходняй Еўропы, між якіх Беларусь, Украіна, Малдова, Азербайджан, Грузія, Арменія ды іншыя, возьмуць удзел у сустрэчы.
Цягам трох дзён будуць абмяркоўвацца пытанні адукацыі і культуры ў перасячэнні іх з палітычнымі і сацыяльнымі аспектамі. Будуць наладжвацца кантакты паміж грамадскімі і культурнымі дзеячамі розных краін, выпрацоўвацца схемы ўзаемадзеяння.
Між удзельнікаў кангрэсу такія асобы як Роберт Алагезовскі, Лейла Аліева, Эдвін Бендык, Аляксандр Буцэнка, Кшыштаф Чыжэўскі, Жан П'ер Дзяру, Тарлан Горху і іншыя. Беларусь на сустрэчы будуць прадстаўляць выдавец Ігар Логвінаў, філосаф Валянцін Акудовіч, прадстаўнік кампаніі "Будзьма беларусамі!" Севярын Квяткоўскі, галоўны рэдактар часопісу "Архэ" Валер Булгакаў, прадстаўнік беларускага калегіюма Алесь Анціпенка, а таксама старшыня беларускага ПЭН-цэнтру, паэт Андрэй Хадановіч, які ўвайшоў у раду кангрэса:
- Гэта нагода для знаёмства з аднаго боку,а паза ты мы можам супольна прасоўваць нашы каштоўнасці на Усход. Мы сумесна будзем працаваць дзеля таго, каб культура абжывала напраўда чалавечую прастору, Давайце пакажам іншую Беларусь, іншую Украіну, Малдову і гэдак далей у перасячэні цікавых культурных вектараў і палёў.
Падчас кангрэсу адбудзецца шэраг прэзентацый, а таксама семінары і дыскусіі на тэмы "Культуры і адукацыі", "Культуры і незалежнасці", "Культуры і развіцця" ды іншыя.
Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск