|
|
Пасля колькі год парапынку аднавіў свой выхад літаратурна-мастацкі альманах “Ад Лідскіх муроў”. У Лідскім літаратурным музеі адбылася прэзентацыя 7-га нумара адноўленага выдання лідскіх літаратараў.
На старонках альманаха сабраныя лепшыя творы напісаныя лідзянамі, аб лідзянах і на лідскай зямлі за апошнія паўтара года. “Ад Лідскіх муроў” – гэта адзін з нямногіх у краіне і адзіны на Гродзеншчыне альманах, дзе б так шырока была прадстаўлена сучасная літаратура аднаго рэгіёна. Так зазначае яго галоўны рэдактар Станіслаў Суднік:
- Я лічу, што гэта ў літаратурным жыцці Лідчыны даволі сур’ёзная падзея і я не бачу ў ваколіцы раёнаў, дзе яшчэ ў якім раённым цэнтры зараз у нашай вобласці выйшаў аналагічны альманах. Але тое, што зроблена, тое зроблена, што маем, тое маем.
Літаратурна-мастацкі альманах “Ад Лідскіх муроў” быў заснаваны літаратарамі Лідчыны ў 2000. Прэзентаваны 7-мы нумар выдання складаецца з 244 старонак. Зараз ідзе праца над чарговым нумарам альманаха. Свае творы для яго можна пакідаць у Лідскім літаратурным музеі.
Андрусь Панямонаў, Радыё Рацыя.