![]() |
![]() |
Беларускае Радыё Рацыя, Васіль Кроква
19.10.2010
У Іллінскай сярэдняй школе абылася прэзентацыя кнігі выбраных твораў Алеся Салаўя «Творы: паэзія, проза, лісты». Алесь Салавей падчас немецкай акупацыі чатыры месяцы жыў у мястэчку Ілля Вялейскага раёну, дзе працаваў у цывільнай адміністрацыі пісарам.
Але жыхары мястэчка захоўваюць пра яго памяць і нават зрабілі прысвечаны яму куток у школьным музеі. Укладальнік кнігі паэт Міхась Скобла паведаміў, што пасля прэзентацыі ў мястэчку засталося 10 кніг паэта, які большасць гадоў свайго жыцця правёў у эміграцыі ў Аўстраліі.
- Самае цікавае, што ў Іллінскай школе працуе апантаны чалавек Роза Шэрая, якая стварыла ў школе музей. І калі заходзіш у музей, адразу на сцяне вісіць партрэт Алеся Салаўя. Гэта кранае, бо часам і нарадзіўся, і памёр які-небудзь выдатны творца, а пра яго мала ведаюць у той ці іншай мясцовасці. А тут пажыў усяго 4 месяцы, але яна лічуць паэта за свайго, шануюць яго імя.
Кніга Алеся Салаўя «Творы: паэзія, проза, лісты» выйшла ў прыватным выдавецтве «Лімарыус», запачаткаваўшы новую кніжную серыю «Галасы Айчыны».