|
|
БНП ушанавала памяць беларусаў, якія пахаваны ў Варшаве
Грамада БНП ушанавала памяць вядомых беларусаў на некалькіх варшаўскіх могілках.
Неабходна стварыць спіс магілаў вядомых беларусаў, пахаваных на розных могілках ў Польшчы, кажа старшыня “Беларускай Нацыянальнай Памяці" Анатоль Міхнавец, які сёння разам з паплечнікамі наведаў магілы беларусаў, якія пахаваныя на могілках ў Варшаве:
- Мы наведалі праваслаўныя могілкі на Волі, ушанавалі памяць нашых землякоў. На гэтых могілках нам вядомыя дзе знаходзяцца пахаванні Янкі Жамойціна, вядомыя могілкі прадзеда Паўла Севярынца і таксама мы ўшанавалі пахаванне Мітрапаліта Дзяніса, ён украінец па нацыянальнасці, але вельмі шмат зрабіў для беларусаў. Дзякуючы яму ў час Другой сусветнай вайны ў Варшаве быў беларускі прыход, была беларуская школа, было беларускае праваслаўнае жыццё. Цяпер мы знаходзімся на Павонзкіх могілках, наведалі магілу Марыі Ямант, нарачонай Кастуся Каліноўскага. Зараз наша невялікая грамада сабралася каля магілы Яна Булгака.
1 і 2 лістапада - дні калі па ўсёй Польшчы людзі розных канфесій масава наведваюць магілы сваіх блізкіх. Восенскія “Дзяды” ці памінанне продкаў сталі ў Польшчы не столькі рэлігійным, але традыцыйным святам, калі наведваюць магілы блізкіх.
* * *
Старшыня “Беларускай Нацыянальнай Памяці" Анатоль Міхнавец заклікае ўсіх неабыякавых людзей, якія цікавяцца гісторыяй беларускага руху папаўняць мапу пахаванняў вядомых беларусаў, магілы якіх знаходзяцца на могілках у розных краінах свету. Некаторыя пахаванні ўжо пазначаны, але гэта далёка не ўсё кажа Анатоль Міхнавец, які сёння разам з паплечнікамі наведваў магілы беларусаў пахаваных ў Варшаве на праваслаўных могілках на Волі і Павонзках:
- Самая галоўная праблема беларускіх пахаванняў напрыклад у замежжы, гэта адсутнасць інфармацыі, мы проста не ведаем што ёсць гэтыя магілы, што ёсць людзі якія ведаюць дзе яны знаходзяцца. Намі зроблены першы крок, мы зрабілі такую віртуальную мапу на нашай старонцы, там мы пазначаем дакладныя каардынаты тых пахаванняў, тых месцаў якія мы адшукалі. Заклікаем слухачоў Радыё Рацыя таксама далучацца да гэтай справы, каб папаўнялі напрыклад нашу мапу, рабілі сваю, ці калі хтосці мае нейкія звесткі, каб перадавалі, перасылалі нам, а мы ўжо па магчымасці будзем гэта ўсё разшукваць.
Актывісты "Беларускай Нацыянальнай Памяці" наведваюць сёння пахаванні вядомых беларусаў у розных гарадах Польшчы.
Валянціна Лаеўская, Радыё Рацыя.
Фота: Ганна Мордань.