|
|
Падзеі невядомай вайна 1654 – 1667 гадоў апісаў у сваім гістарычным рамане Міхаіл Галдзенкоў. Дагэтуль невядомыя гістарычныя факты ў сумесі з вымыслам аўтара ўтварылі гістарычны раман “Князь Кміціч”.
Першыя дзьве кнігі рамана, - «Огненный всадник» і «Тропою волка», прэзентаваныя ў мінскай кнігарні выдавецтва “Логвінаў”. Абедзьве кнігі напісаныя на рускай мове. Падобнага кшталту выданне безумоўна з’яўляецца значанай падзеяй у беларускай літаратуры, але такія кнігі мусяць выходзіць па-беларуску, заўважыў сябра пісьменніка, выдавец і літаратар Зміцер Вішнеў.
- У кожным выпадку, калі ў літаратурнай прасторы з'яўляюцца кніжныя навінкі, гэта заўсёды добра. Спадзяюся, што яны сапраўды знойдуць свайго чытача. Я ўсё ж такі прыхільнік беларускай літаратуры на роднай мове. Таму спадзяюся, што Міхаіл Галдзенкоў неўзабаве пяройдзе на беларускую мову.
У кнігах рамана «Князь Кміціч» апісаныя падзеі вайны 1654 – 1667 гадоў, падчас якой памёр кожны другі беларус. Пра гэтую вайну, па сцвярджэннях аўтара, у беларускай літаратуры дагэтуль не пісаў ніхто. Гістарычныя падзеі, адлюстраваныя ў выданні, адкрываюць шмат новага, сенсацыйнага, кажа аўтар кнігі Міхаіл Галдзенкоў.
- Зразумела, гэта адкрыццё для беларускага чытача, таму што, калі я знаёміўся з дакументамі,я сам быў у лёгкім стане шоку. Гэта адкрыццё, на самой справе, для мяне асабіста гэта было адкрыццём і для многіх гэта ёсць сенсацыя.
Міхаіл Галдзенкоў вядомы беларускаму чытачу па выданнях «Осторожно, хот-дог», «Полёт дубового листа», «Гуано жар-птицы» ды іншых кнігах. Цяпер аўтар вырашыў папрацаваць над гістарычнымі тэмамі. Першыя дзьве кнігі раману “Князь Кміціч” ужо прэзентаваныя беларускаму чытачу. У дадзены час Міхаіл Галдзенкоў працуе над працягам твора, які ўвасобіцца ў трэццяй кнізе рамана.
Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск.