Беларуская нацменшасьць у Чэхіі?


Беларусы Чэхіі хочуць, каб іх прызналі нацменшасьцю.
Прэм’ер-міністар Пэтр Нэчас ня бачыць перашкодаў, аднак хоча пачакаць афіцыйных вынікаў сёлетняга перапісу насельніцтва.

Зь ініцыятываю выстапіў рэдакцыйны калектыў англамоўнага выданьня „Беларускі агляд” у Празе. Адзін зь ініцыятараў Юрка Станкевіч расказвае, як у абгрунтаваньні тлумачыцца, чаму беларусы прэтэндуюць на статус нацменшасці.

Ю. Станкевіч: Справа ў тым, што паміж беларускім і чэскім народамі ёсьць гістарычная сувязь яшчэ з часоў Скарыны й Вітаўта. Некаторыя кажуць, што, напрыклад, падчас камунізма беларусы былі амаль неактыўныя, не было ніякіх арганізацый. У нашым абгрунтаваньні мы тлумачым і даказваем, што падчас камунізма немагчыма было быць актыўнымі. Таго, хто нешта спрабаваў рабіць, як Ларыса Геніюш, высылалі ў Сыбір.

У Чэхіі ёсьць Рада нацыянальных меншасьцяў, нас туды запрашаюць ужо каля года ў якасьці гасьцей. І нават ёсьць такая памылка, што ў запрашэньні называюць нас нацменшасьцю, хоць гэта ня так. Адным словам мы стараемся дзейнічаць.

Юрка Станкевіч адзначае, што беларусы, як нацменшасьць, здабудуць невялікія, але ўсё ж правы.

Ю. Станкевіч: Фактычна правы невялікія, але ёсьць цэлы шэраг дробязяў. Напрыклад, у Празе ёсьць Дом нацменшасьцяў. У ім кожная мяньшыня мае офіс, можа бясплатна ладзіць мерапрыемствы. Мы такой магчымасьці ня маем, а можна было б і школку весьці. Па-другое, нацменшасьці атрымліваюць ад чэскага ўрада фінансаваньне, даволі-такі шчодрае.

Са сваёй просьбаю беларусы зьвярнуліся да прэзыдэнта, урада й прэм’ера Чэхіі. Урад і прэзыдэнт адказалі, што гэта ня іх справа. А вось прэм’ер Нэчас напісаў ліст, у якім патлумачыў, што ня бачыць перашкодаў для таго, каб беларусы сталі нацменшасьцю побач з 12 іншымі народамі (палякі, славакі, сэрбы, цыгане, закарпацкія русіны, расейцы, грэкі, украінцы, баўгары, харваты, вугорцы, немцы).

Яўген Сідорык адзначае, што беларусы ў Чэхіі гэтай справай займаюцца ўжо некалькі гадоў. І менавіта цяпер зьявіўся шанец станоўчага вырашэньня справы.

Я. Сідорык: Я асабіста сустракаўся раней зь некаторымі чальцамі чэскага парлямэнта. Мы пачалі ўздымаць гэтае пытаньне прыкладна шэсьць гадоў таму, але не было ніякіх зрухаў. Цяпер, калі ўрадам кіруе Пэтар Нэчас, спадзяемся, што пытаньне будзе вырашана пазытыўна. Нас пытаюцца, як мы да гэтага ставімся. Зразумела, мы падтрымліваем гэтую ініцыятыву. У Чэхіі ёсьць 12 нацменшасьцяў. Сьмешна, калі гэта баўгары, грэкі ці прыкарпацкія русіны, якіх адзінкі. А беларусаў тут некалькі тысяч.

Мяркуецца, што ў Чэхіі жыве некалькі тысяч беларусаў. Найчасьцей яны прыяжджаюць на вучобу й у пошуках працы.

Чэскія ўлады належаць да тых, хто моцна крытыкуе беларускі рэжым і ахвотна падтрымлівае беларускую апазыцыю.

ав

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё