Знаёмцеся: маладое беларускае кіно


“Беларускаму кінематографу трэба пазбывацца правінцыйных комплексаў”

У Варшаве завершыўся першы фэстываль беларускага кіно Bulbamovie. Польская публіка й мастацкія крытыкі атрымалі мажлівасьць, якая вельмі рэдка выпадае нават беларускім аматарам кіно: убачыць цэлую палітру сучаснага беларускага кіно – ад андэграўдных фільмаў маладых рэжысэраў да прадукцыі “Беларусьфільму”, ад дакумэнталістыкі ці палітычнай сатыры студыі “Навінкі” да мастацкіх фільмаў Андрэя Кудзіненкі. Нам жа ўдалося паразмаўляць з маладымі рэжысэрамі, поўнымі амбіцыяў і жаданьня заявіць пра сябе ў сьвеце.

На фэстывалі ў Варшаве былі прадстаўленыя стужкі Арцёма Лобача “Дом” і “Калеты”, а таксама фільм “Дарога да раю зачынаная”, Сяргея Каласоўскага. “Спробы пяра” маладых рэжысэраў адносяцца да катэгорыі незалежнага кіно. Па словах кінакрытыка Максіма Жбанкова, гэта спроба здымаць жывое кіно ў мёртвай афіцыйнай культуры.

Сяргей Каласоўскі па першай сваёй адукацыі – псыхоляг, а Арцём Лобач – дызайнер. Абодвух прывялі ў кіно творчыя пошукі – распавядае Арцём Лобач.

А. Лобач: Калі я сутыкнуўся са сьветам кіно, то зразумеў, што мой шлях пошукаў праходзіць бліжэй да кінематаграфіі, чым да дызайну ці іншых відаў творчасьці. Таму я заняўся кіно, пачаў шукаць свой стыль, фармаваць сваю пазыцыю, погляд, набірацца досьведу, асэнсоўваць, што я ўвогуле хачу сказаць людзям.

Не так даўно хлопцы прыехалі вучыцца ў Варшаўскую школу кінематографа. Грошы на вучобу яны зарабляюць сабе самі.

У Беларусі малады кінематаграфіст можа разьлічваць толькі на ўласныя сілы. Кожнаму прыходзіцца прабіваць сабе дарогу самому, без чыёй-небудзь падтрымкі – кажа Сяргей Каласоўскі.

С. Каласоўскі: У Беларусі ёсьць два шляхі: альбо ісьці ў дзяржаўны кінематограф і выконваць чыюсьці замову, альбо займацца сваім кіно. Тады трэба ўкладаць свае грошы, займацца прадукцыяй, шукаць прадзюсэраў. Гэты шлях больш складаны, але гэта адзіная рэальная мажлівасьць рабіць нармальнае эўрапейскае, сусьветнае кіно.

Маладыя беларускія артысты адстаюць па ўзроўні ад сваіх польскіх ці францускіх аднагодак, аднак у беларусаў ёсьць адметныя рысы, якія робяць іх мастацтва цікавым –кажа Сяргей Каласоўскі.

С. Каласоўскі: На жаль, у нас няма школы, у нас няма культуры глядзець кіно й яго здымаць. Мы бачым, што нашыя польскія сябры нашмат мацнейшыя. Яны хутчэй усё скемліваюць, яны інтуітыўна разумеюць шматлікія рэчы, якім нам прыходзіцца вучыццца: жанру, кадру, завязкам, разьвязкам і шматлікім іншым кінематаграфічным прыёмам. Але ў нас ёсьць адна вялікая перавага: гэта дабрыня, адкрытасьць, паўночная павольнасьць, якая неяк асабліва глядзіцца на фоне польскага, эўрапейскага кіно. Я думаю, што нам трэба рабіць стаўку на нашыя арыгінальныя рысы. У рэшце, глядач не глядзіць на прыёмы. Ён глядзіць на эмоцыі.

Як у самой Беларусі, так і за мяжой, ёсьць працавітыя й таленавітыя маладыя беларускія кінематаграфісты. І мы абавязкова пачуем іх імёны – перакананы Арцём Лобач.

А. Лобач: Я глыбока перакананы, што Беларусь – гэта краіна, у якой, таксама як і паўсюль, нараджаюцца таленты, годныя дасягнуць сусьветных вышыняў. Я думаю, што посьпеху даб’юцца рэжысэры Андрэй Куціла, Сяргей Каласоўскі, апэратар Ягор Яфімаў. Усе гэтыя хлопцы насамрэч працуюць, атрымліваюць веды, вераць, у тое, што яны робяць. Я думаю, што яны даб’юцца свайго. Гэтыя імёны мы будзем ведаць.

Арганізатары кінафэстывалю Bulbamovie ўразілі кінакрытыка Максіма Жбанкова ўмелым падборам фільмаў і разуменьнем праблемаў беларускага мастацтва. Фэстываль дае беларускім кінатворцам унікальную мажлівасьць даведацца, як на іх глядзяць іншыя – кажа Максім Жбанкоў.

М. Жбанкоў: Мы тут маем калекцыю дыялектаў беларускага кіно. І разумеем, што яна разнастайная, што яна жывая, што гэта працэс у разьвіцьці. І гэтая калекцыя адлюстроўвае тую няпростую эстэтычную, палітычную, мэнтальную сытуацыю, якую мы маем у нашай краіне. Думкі, якія былі выказаныя падчас дыскусіі, таксама вельмі карысныя. Гэта тое, чаго нам фатальна не хапае: паглядзецьна сябе празь лінзу іншай оптыкі.

Жывога беларускага кіно ў самой Беларусі ня ўбачыш. Чаму? Галоўная праблема ў тым, што каналаў распаўсюду культурнага прадукту не існуе. І датычыць гэта ня толькі кіно, але й сучаснай якаснай беларускай музыкі, літаратуры. Кожны, хто мае жаданьне ўбачыць маладое беларускае кіно, павінен шукаць яго сам – з горыччу канстатуе крытык Максім Жбанкоў.

М. Жбанкоў: Праблема нашай жывой культуры ў тым, што яна ня бачная. І ў мяне зараз няма адказу, дзе яе шукаць. Трэба зьвяртацца наўпрост да творцаў, шукаць празь нейкія інтэрнэт-рэсурсы, праз асабістыя кантакты. Нашая культура ператварылася ў нешта накшталт гета, калі свае слухаюць сваіх, свае чытаюць сваіх, а па-за межамі застаецца краіна, якая нічога пра нас ня ведае. Гэта выклік. І гэта праблема, якую трэба вырашаць.

Беларускае кіно пакуль хварэе на правінцыйныя комплексы – кажа Максім Жбанкоў. І для комплексаў ёсьць пэўныя падставы. Але вылечыць іх можна толькі кантактамі з сусьветнай культурай, уключэньнем у плынь эўрапейскага, сусьветнага кіно.

М. Жбанкоў: Трэба пазбаўляцца ад гэтых комплексаў. Трэба разумець, што прастора сучаснай адкрытай культуры вельмі неаднастайная і шматкаляровая. Трэба яе каштаваць, трэба засвойваць дыялекты, трэба, інакш кажучы, спалучаць нашую мэнтальнасьць з новымі тэхналёгіямі. І вось тады мы атрымаем новае беларускае кіно. Пакуль што гэта ўсё ў далёкай пэрспэктыве. Але тое, што робяць маладыя кадры – гэта, мне падаецца, рух у правільным накірунку.

Нягледзячы на ўсе праблемы, у Беларусі ёсьць амбіцыёзныя маладыя рэжысэры й апэратары, такія як Сяргей Каласоўскі, Андрэй Куціла, Арцём Лобач, якія шчыра вераць у сваю зорку, у тое, што ім удасца дабіцца посьпеху на эўрапейскай сцэне. Пажадаем ім посьпехаў!

Аляксандар Папко

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё