Старыя дворыкі Берасьця


Упершыню ў Музэі гісторыі горада Берасьця праходзіць выстава, прысьвечаная старым гарадзкім дворыкам.

Гэта своеасаблівая “ода любові гораду”. У закармах мясцовых фатографаў амаль у кожнага ёсьць сотні фатаздымкаў старых дворыкаў. Яны зьяўляюцца невычарпальным аб’ектам натхненьня й традыцыйным месцам для фотасэсій. Але на ўзровень выставы берасьцейскія дворыкі трапілі сёньня ўпершыню.

Дворыкі цэнтральных вуліц горада, якія зьяўляюцца самай старой часткай Берасьця, прадстаўлены ў аўтарскіх фатаздымках, занатаваныя ў форме каляровай выцінанкі з паперы і тканіны, і выражаны ў скульптурнай форме, уласьцівай эўрапейскаму гораду – у масцы. Над выставай працавала творчая група вучняў Польскай грамадзкай школы горада Берасьця пад кіраўніцтвам Ліліі Патоні, Марыі Рэдзькі й Марыны Марчук. Размаўляем з каардынатарам праекта Ліліяй Патоняй.

Лілія Патоня: Гэта ода любові Берасьцю, Палесьсю. Мне даўно хацелася зрабіць нешта падобнае. Мне здаецца, у дворыках адбываецца нешта патаемнае, праўдзівае, сапраўднае. У іх адбываецца гісторыя на нейкіх вялікіх, глябальных абшарах, і ў той жа час многа прыватных падзеяў. Выстава прадстаўлена больш у традыцыйным пляне. Мы аб’ядноўвалі ў экспазыцыі й выставу, і нейкія прасторавыя скульптуры – маскі. Тэкстыльна-папяровая аплікацыя па матывах будынкаў – першапачаткова бралі фатаздымак і рабілі ў пэўнай ступені копію пры дапамозе некаторых матэрыялаў з тэкстылю. Натуральна, недзе зь перабольшваньнямі, недзе былі зьмяньшэньні, але выкарыстоўвалі арыгінальную стылістыку. У нас былі два фатографы з вучняў – Мікола Барысаў, Валянціна Шайко – і мае фатаздымкі.

Усе творчыя вобразы старых берасьцейскіх дворыкаў сабраныя ў календары на 2012 год. У ім фатаздымкі будынкаў пераплецены з архаічнымі беларускімі вобразамі, тыповымі для Палесься.

Лілія Патоня: Сінтэз трох тэхнічных напрамкаў – гэта фатаграфія, сучасная рэч, архаічная выцінанка й малюнак. Шмат абліччаў Берасьця, як гістарычнага месца, яго шматузроўневасьць, шматпластоўнасьць; накладваньне разнастайных стыляў, падзеяў, настрояў – гэта ідэя календара – сінтэз усяго: мінулага, сучаснага, будучыні ў розных тэхніках. Дызайнам і распрацоўкай займалася Марыя Рэдзька, якая зьбірала яго па дэталях, таму што дзеці рабілі толькі базавыя элемэнты.

Усё менш старых дворыкаў застаецца ў Берасьці. Пасьля рамонту яны моцна зьмяняюцца ці на іх месцах увогуле ўзьнікаюць сучасныя будынкі. Старэйшы навуковы супрацоўнік Музэя гісторыі горада Сяргей Быцькевіч адзначае важнасьць гэтай выставы ў гісторыка-культурным пляне.

Сяргей Быцькевіч: Сёньня некаторыя будынкі разбураюцца альбо дворыкі мяняюць зьнешні выгляд. І, на жаль, не захоўваюць спэцыфічны дух менавіта гарадзкога дворыка. Дзякуючы фотамастакам у фотаздымках мы можам адчуць іх спэцыфічны дух. Выстава ўнікальная, цікавая. Гэта першая падобная выстава, якая адбываецца ў Музэі гісторыі горада. Дзякуючы працам, якія ўвайшлі ў экспазыцыю, мы можам паглядзець на горад зь іншага боку.

Каардынатарка праекта заўважае, што клапацілася больш пра тое, каб наблізіць дворыкі да людзей і адкрыць ім унікальнасьць і рамантыку аўтэнтычных месцаў Берасьця.

Лілія Патоня: Я не зусім задумвалася пра тое, што гэтыя дворыкі зьнікаюць. Хутчэй думала пра адкрыцьцё, таму што многія нават паняцьця зялёнага ня маюць, не ўяўляюць, што існуюць такія ўнікальныя, такія кранаючыя, такія рамантычныя берасьцейскія дворыкі.

Выстава “Берасьцейскія дворыкі” арганізавана Польскай грамадзкай школай імя Ігната Дамэйкі пры падтрымцы Генконсульства Рэспублікі Польшча ў Берасьці. На творчыя вобразы па матывах дворыкаў старога Берасьця можна паглядзець да канца гэтага тыдня ў Музэі гісторыі горада, вул. Леванеўскага, 3.

Рада Міровіч, Берасьце

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё