|
|
Беларусы прывезьлі ў Варшаву ўнікальную выставу - архіў Міхала Клеафаса Агінскага.
У пятніцу ў Музэі Віляноўскага палацу ў Варшаве адчынілася выстава “Палянэзы на вяртаньне”. На ёй прадстаўленыя архіўныя дакумэнты славутага кампазытара, вернутыя некалькі гадоў таму з Расеі. Каля шасьці тысяч лічбавых копій унікальных лістоў і аркушаў нотаў у будучыні стануць падставай музэйнага фонду ў сядзібе Агінскіх у Залесьсі.
Урачыстасьць пачалася канцэртам музыкі Агінскага. Творы славутага кампазытара выканаў беларускі піяніст Юры Бліноў. Ён зайграў каля дзясятка палянэзаў, а завершыў свой выступ вальсам Шапэна.
Затым госьці прайшлі ў Паўночную залю Віляноўскага палацу, дзе іх чакалі сотні лістоў Агінскага, партрэты, нотныя аркушы, здымкі мясьцінаў, дзе жыў кампазытар.
Амаль 180 гадоў беларусы маглі толькі памарыць пра тое, што дакумэнты з архіву Міхала Клеафаса Агінскага некакі вернуцца ў Беларусь. У 1833 годзе, ужо пасьля сьмерці Агінскага, яго сын Ірэнэвуш перадаў ліставаньне бацькі расейскаму ўраду. Да нядаўняга часу архіў можна было пабачыць толькі ў расейскім Дзяржаўным архіве старажытных актаў.
Некалькі гадоў таму дакумэнты вярнуліся ў Беларусь. Вяртаньне цяжка было б уявіць без руплівай працы дырэктара Дзяржаўнага музэя гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі Зінаіды Кучар, якая цягам 10 гадоў займаецца спадчынай Агінскага.
З. Кучар: Архіў налічвае 6 тысяч ліставаньняў. Перамовы наконт вяртаньня вяліся год, і дзякуючы Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА й яе старшыні Ўладзімеру Шчаснаму нам удалося вярнуць гэты архіў. Гэта лічбавыя копіі. Справа ў тым, што ў Расеі няма такога закону, які б дазволіў вярнуць арыгіналы. Але для нас, беларусаў, якія сёньня аднаўляюць сядзібу Агінскага, вельмі патрэбная музэяфікацыя. Апрача таго, дзякуючы гэтым лістам мы зможам раскрыць шмат “белых плямаў” зь яго жыцьця. Тут, дарэчы, каля 400 лістоў – гэта ноты. Магчыма, пасьля іх апрацоўкі мы даведаемся, ці быў ён аўтарам польскага гімна.
Згаданыя 6 тысячаў лістоў і нотных аркушаў кампазытара стануць, дарэчы, падставай музэйнай выставы ў Залесьсі. Музэй расчыніць дзьверы для гасьцей у наступным годзе.
Выставу адчыняў амбасадар Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак. Паводле беларускага дыплямата, нельга ўявіць іншага гораду ў сьвеце, дзе б магла адбыцца такая ўнікальная выстава, прысьвечаная Агінскаму.
В. Гайсёнак: Варшава – гэта сталіца Польшчы й, зразумела, што найбольшую цікавасьць гэтая выстава выкліча менавіта тут. Тут ёсьць літаратурныя колы, студэнты, дыпляматы. І, як бачна, цікавасьць да выставы велізарная.
На Смаргоншчыне Агінскі правёў каля 20-ці гадоў. Там паўсталі яго многія творы. Але ад пытаньня, ці быў Агінскі беларусам ці палякам, амбасадар дыпляматычны ўхіліўся.
В. Гайсёнак: Ёсьць гістарычныя постаці, якія належаць і Беларусі, і Польшчы. Яны - наш агульны здабытак, гэта нашая агульная спадчына. Агінскі жыў у Рэчы Паспалітай, а гэта была нашая агульная краіна, і ён быў грамадзянінам нашай агульнай бацькаўшчыны.
Зрэшты, зь меркаваньнем беларускага пасла пагадзіліся й палякі, запрошаныя на выставу.
Спадарыня: Ёсьць тэндэцыя, каб ставіць нейкія межы, даваць адназначныя назвы, казаць, хто ёсьць кім. Аднак я лічу, што рабіць гэта ня варта. Былая Рэч Паспалітая - гэта нашае супольнае месца, нашая культура, традыцыя й гісторыя. І так павінна застацца.
Спадар: Я вельмі ўдзячны спадару паслу, арганізатару выставы, за тое, што ён паказвае повязь Беларусі й Польшчы. Гэта ж цудоўна, што мы мае агульных герояў, вялікіх людзей.
Спадарыня: Вельмі прыемная сустрэча. Я цешуся, што прыйшла сюды. Вельмі цікава.
На выставу прыйшоў адзін з нашчадкаў Радзівілаў, князь Мацей Радзівіл. Ён перакананы, што яго дзяды ў свой час неаднаразова сустракаліся з Агінскімі.
М. Радзівіл: Гэта сем’і з той самай зямлі. Думаю, што яны гасьцілі адзін у аднаго. У нашай сям’і таксама былі кампазытары, можа не такія выбітныя, як Агінскі, але таксама зьвязаныя зь Беларусьсю, то бок з былым Вялікім Княствам літоўскім.
Сярод прысутных на выставе быў заўважаны й беларускі гісторык, десьледчык Язэп Янушкевіч.
Сп. Язэп, варшаўскі міжнародны аэрапорт носіць імя Фрыдырыка Шапэна. Ці справядліва было б назваць менскае лётнішча імем нашага земляка Агінскага?
Я. Янушкевіч: У нас досыць шмат годных імён, і адно зь іх, бяспрэчна, Агінскі. І ён гэтага заслугоўвае. А яшчэ лепш, каб у аэрапорце імя Клеафаса Агінскага ўсіх замежнікаў, не кажучы ўжо пра беларусаў, сустракаў дзяржаўны гімн – ягоны “Палянэз”.
Выстава адчыненая для наведнікаў у Музэі Вілянаўскага палацу ў Варшаве.
дг
Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё