|
|
А. Разанаў прэзэнтаваў сваю нямецкамоўную кнігу «Месяц думае, Сонца разважае».
У менскай “Кнігарні Ў” славуты паэт Алесь Разанаў прэзэнтаваў сваю нямецкамоўную кнігу, назву якой можна перакласьці як «Месяц думае, Сонца разважае». Адметна, што гэта не перакладная кніга – Алесь Разанаў сам пісаў яе па-нямецку ў часе колькігадовага побыту ў гэтай краіне. Пасьля прэзэнтацыі ў нас адбыўся непаўторны дыялёг з паэтам. Трэба патлумачыць, што Алесь Разанаў гаворыць – як і піша – адметнымі арыгінальнымі выслоўямі.
Спадар Алесь, Ваш бацька быў угнаны ў Нямеччыну й вызвалены толькі ў 1945 годзе. Нямецкая мова адтуль?
Алесь Разанаў: Нямецкая мова з творчасьці, не зь біяграфіі, а з творчасьці, зь беларускай мовы. Нямецкая мова паўстала зь беларускай мовы.
Але ж у нас ёсьць зь нямецкай мовы толькі “дах”, “цукар”, яшчэ пару словаў. Што яшчэ?
Алесь Разанаў: Творчасьць ня мае межаў. Яна не абмяжоўваецца гатовай лексікай. Яна сягае далей і далей, і таксама заходзіць у нямецкую мову. Нямецкая мова для творчасьці не чужая й не свая, яна робіцца сваёю, калі асвойваецца. Яна мною асвойваецца. Яна выяўляецца так, як немцамі самімі не выяўляецца. Неяк асабова… па-беларуску, ці што.
Некаторыя Вашыя раўналеткі ці старэйшыя людзі дагэтуль нямецкую мову асацыююць выключна з вайной…
Алесь Разанаў: Вайна доўжыцца, і мір доўжыцца – колькі існуе чалавецтва. Творы ідуць – далей, глыбей, вышэй. Бяз гэтага не было б наступнасьці. Твор, калі зьдзяйсьнецца, ён захоплівае ўсю рэчаіснасьць і робіць крок у наступнасьць.
Дык гэтая кніга для немцаў ці беларусаў?
Алесь Разанаў: Гэтая кніга – для!
А там будзе?
Алесь Разанаў: Гэтая кніга ўжо адбылася. Той, хто будзе, таксама адбывацца, кніга будзе яго чакаць і сустракаць.
Вы пісалі яе тут, ці ў Нямеччыне?
Алесь Разанаў: У Нямеччыне! Калі актыўна знаёміўся зь нямецкаю моваю, то яна загаварыла са мною.
Дык Вы ж ужо колькі часу, як вярнуліся. Чаго яна чакала?
Алесь Разанаў: Кніга? Выйшлі 2 кнігі - адна ў Аўстрыі, другая ў Нямеччыне. А гэтая – як бы выбранае плюс новыя, якія напрацаваліся, зьдзейсьніліся, намаляваліся нямецкімі словамі тут, у Беларусі.
На іншых мовах будзе нешта малявацца?
Алесь Разанаў: Ня выключана.
Але Беларусь перадусім?
Алесь Разанаў: Беларусь не пярэчыць іншым мовам, яна ёсьць цэнтрам іншых моваў.
Прэзэнтацыя кнігі адбылася ў межах “Месяца нямецкай літаратуры”, які ладзіць “Кнігарня Ў”. Гаворыць арт-дырэктар кнігарні Павал Касьцюкевіч.
Павал Касьцюкевіч: Гэтая імпрэза адбывалася ў межах “Месяца нямецкай літаратуры” ў кнігарні “Логвінаў”. Адбыўся выступ яскравага прадстаўніка беларускага мадэрнізму Алеся Разанава, ягонай нямецкамоўнай кнігі, якую на беларускую мову можна перакласьці – “Месяц думае, Сонца разважае”.
Наколькі нямецкая мова й літаратура выклікае цікавасьць у беларускіх чытачоў?
Павал Касцюкевіч: Гэтае мы якраз і праверым. Дзеля гэтага мы й робім гэты месяц, каб паглядзець, які попыт. Апошнія 20 гадоў актыўна перакладалася нямецкая літаратура на беларускую мову. Кніжкі стаяць на нашых паліцах кампактна, цэльна, і мы зь цікавасьцю назіраем, як людзі падыходзяць і набываюць кнігі.
Якія яшчэ мерапрыемствы адбудуцца ў межах гэтага месяца?
Павал Касьцюкевіч: Па-першае, усіх запрашаем на дзіцячы ранішнік. Вядомы Капітан Танака, ён жа плястылінавых справаў майстра Алесь Кудрыцкі запрашае ў падарожжа ў незвычайную краіну Германію. Так што прыводзьце дзетак, будзе салодкі стол і раздача падарункаў. Не магу абмінуць увагаю імпрэзу легенды беларускай літаратуры, перакладчыка Васіля Сёмухі. Гэтым разам спадар Васіль прэзэнтуе свой пераклад вядомага пісьменьніка Германа Гэсэ “Стэпавы воўк”. Тут прыме ўдзел цьвет перакладніцкай беларускай школы – Лявон Баршчэўскі, Зьміцер Колас і Андрэй Хадановіч.
Мы пабылі на прэзэнтацыі нямецкамоўнай кнігі Алеся Разанава «Месяц думае, Сонца разважае».
Арцём Багданаў, Менск