Вайцюшкевіч даў канцэрт у Варшаве: Я павінен сказаць Праляскоўскаму “дзякуй!”


Інтэрвію зь беларускім бардам Зьмітром Вайцюшкевічам.
Пра любімыя песьні, лёс беларускай культуры й пра тое, як жывецца ў Беларусі барду, які раптоўна апынуўся ў “чорным сьпісе” забароненых творцаў – пра ўсё гэта распавёў нашаму карэспандэнту Зьміцер Вайцюшкевіч.

Зьміцер Вайцюшкевіч часта дае канцэрты за мяжой, якія традыцыйна карыстаюцца вялікай папулярнасьцю. А вось на Радзіме барда пазбавілі кантакту з публікай. Зь лёккай рукі Міністэрства інфармацыі Вайцюшкевіч ня можа выступаць у дзяржаўных канцэртных залях, яго песень не пачуеш па радыё. Ладзіць канцэрты немажліва нават у прыватных клюбах – кажа Зьміцер Вайцюшкевіч.

З. Вайцюшкевіч: Некаторыя канцэрты можна рабіць. Ёсьць закрытыя вечарыны, на якіх я выступаю. Сказаць, што ўсё безнадзейна кепска, я не магу. Іншая справа, што мяне пазбавілі сустрэчаў з публікай у залях – дзяржаўных ці недзяржаўных. Любы сантэхнік ці электрык можа ў любы момант прыйсьці й закрыць канцэрт, спасылаючыся на тое, што там знаходзіцца небясьпечна.

Зьміцер Вайцюшкевіч трапляе ў “чорны сьпіс” ўжо ў другі раз за апошнія 10 гадоў. Сытуацыя камічная – з сумнай усьмешкай кажа бард.

З. Вайцюшкевіч: Ніхто з артыстаў, у той момант, калі іх унесьлі ў сьпіс, нічога “кепскага” не рабіў. Тое, што сьпявак паказвае, што ён ня так горача любіць уладу, як “трэба” – ня прычына пазбаўляць публіку сустрэчы зь любімымі артыстамі.

Зьміцер Вайцюшкевіч прызнаецца, што яму вельмі не хапае выступаў на вялікай сцэне. Аднак ніякага жаданьня абразумляць ці пераконваць міністра інфармацыі Праляскоўскага ў яго няма.

З. Вайцюшкевіч: Гэтыя забароны толькі робяць артыстам рэкляму. Я яму павінен сказаць вялікі дзякуй за тое, што я станаўлюся мацнейшы, не апускаю рукі, шукаю нейкія праекты. Праляскоўскі мае дачыненьне да закрыцьця “Аўтарадыё”, на якім я працаваў. Так што цалавацца зь ім у мяне жаданьня няма.

Да Зьмітра Вайцюшкевіча часта падыходзяць з просьбамі напісаць гімн барацьбы супраць дыктатуры. “Песьняў, якія б людзі маглі выкарыстаць як гімн – шмат”, – кажа бард. Праблема зусім не ў адсутнасьці песень – лічыць Зьміцер Вайцюшкевіч.

З. Вайцюшкевіч: Гімн альбо ёсьць, альбо яго няма. Ужо ёсьць пэўная колькасьць песень, якія могуць быць выкарыстаныя як гімн: ад “Нёмана” ды “Я нарадзіўся тут” да “Дзе мой край”. Спэцыяльна вылузвацца са скуры й яго пісаць я лічу няправільным. Прыйдзе момант – прыйдзе песьня.

Зараз модна казаць, што беларуская культура ня мае будучыні, бо ў краіне занадта малы рынак. Маўляў, у Беларусі замала людзей, якія маглі б слухаць беларускую музыку й купляць кнігі. Гэта хлусьня й комплексы – кажа Зьміцер Вайцюшкевіч.

З. Вайцюшкевіч: Гэта комплекс. Гэта перакананьне, што ў суседзяў заўсёды было лепш, а ў нас заўсёды ня будзе нічога. 9 мільёнаў у стане пракарміць сваю культуру. Ёсьць Швэцыя, ёсьць Нарвэгія, ёсьць Фінляндыя – краіны, дзе няшмат людзей, але свая культура там нармальна разьвіваецца. Прычым ня трэба прымушаць людзей “Купляйце беларускае!” альбо падтрымліваць так, як падтрымліваюць Дарафееву, загадваючы купляць квіткі на яе канцэрты. Проста трэба любіць сваё. Трэба, каб Лукашэнка альбо той, хто будзе пасьля яго, казаў, што любіць сваё, што яго сын слухае беларускія калыханкі – ня важна, Вайцюшкевіча ці Дарафеевай. Ня трэба дапамагаць. Галоўнае – каб не перашкаджалі.

Зьміцер Вайцюшкевіч – вельмі рознабаковы музыкант. Ён зьяўляецца саўтарам славутага альбому “Я нарадзіўся тут”, таксама ён запісаў дыск песень на словы Ўладзімера Маякоўскага й японскіх паэтаў. Некалькі гадоў таму ён выпусьціў цудоўны альбом калыханак, а цяпер рыхтуе дыск (увага!) турэмнай лірыкі. Песьні на канцэртах сьпявак выбірае ў залежнасьці ад кантэксту й настрою. Нелюбімых песень у яго няма. Я іх проста не сьпяваю – кажа Зьміцер Вайцюшкевіч.

З. Вайцюшкевіч: Усё залежыць ад моманту, публікі, залі, краіны. Пра што я люблю сьпяваць? Я дакладна ведаю, пра што я не люблю сьпяваць. Гэта тое, што я проста не сьпяваю! Песьня – гэта той кароткі момант, які дае шчасьце артысту й, спадзяюся, шчасьце публіцы.

“Музыка ня зьменіць сьвету, - кажа Зьміцер Вайцюшкевіч. Але яна на хвіліну зробіць яго прыгажэйшым”.

...Красуня-вясна зьвініць ручаінамі ў полі
Красуня-вясна – сястра нашай волі,
Красуня-вясна ў бела-чырвоным убраньні
Красуня-вясна – чароўная фея каханьня.

 

“Красуня-вясна” (песьня на словы Ўл. Някляева)

Аляксандар Папко

Фотарэпартаж Сашы Гразеўскага.

Фота
  • Фота 1/13
  • Фота 2/13
  • Фота 3/13
  • Фота 4/13
  • Фота 5/13
  • Фота 6/13
  • Фота 7/13
  • Фота 8/13
  • Фота 9/13
  • Фота 10/13
  • Фота 11/13
  • Фота 12/13
  • Фота 13/13

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё