Расповед у фотаздымках пра Мірскі замак

Бібліятэкар

Беларускае Радыё Рацыя
18.10.2010


У выставачнай зале культурнага цэнтра Беларусі пры Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшчы сёння адкрылася фотавыстава пад назвай “Мірскі замак, крыніца натхнення”.

Кіраўнік гродзенскага фотаклуба Аляксандр Ласмінскі прывёз лепшыя фотаздымкі старажытнага беларускага замка, які ў свой час належаў знакамітаму роду Радзівілаў, а зараз ужо як 15 год праходзіць буйнамасштабную рэканструкцыю. Выстава ж, якая сёлета адкрылася ў Беластоку, павандравала раней і ў замежжы, - адзначае Аляксандр Ласмінскі.

- Гэтая выстава ездзіць паўсюль - яна была ўжо і ў Літве, і ў Маскве. Яна жыве сваім жыццём. А мае калегі і я ўжо зрабілі шмат новых цікавых здымкаў, якія можа ўвойдзуць у новую калекцыю.

У сваю чаргу дырэктар культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы Аляксандр Карачун пазначыў, што гэта ўжо пятая за два гады выстава гродзенскіх фотамастакоў у Беластоку і традыцыі ўзаемных візітаў плануюць падоўжыць.

- Наш культурны цэнтр з самага пачатку планаваў рабіць такія выставы, якія на прыграніччы былі б па-просту цікавыя для жыхароў Польшчы, калі з Гродзеншчыны прывозіш такую выставу, і каб выклікалі цікавасць у гродзенцаў да твораў фотамайстроў з Беласточчыны.

На адкрыцці фотавыставы пабываў і новы генеральны консул рэспублікі Беларусь у Беластоку Аляксандр Берабеня, а таксама студэнты аддзялення беларускай філалогіі Беластоцкага ўніверсітэту  і іншыя госці. У гэты ж час у Гродне працягвае працаваць выстава падляшскіх фотамастакоў.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя