Княгіня Радзівіл у Беларусі

Княгіня Радзівіл у Беларусі


Княгіня Эльжбета Радзівіл: “Раю выдаць кнігу “Як жанчыне быць каханай” па-беларуску!..”
Першыя прыезды Эльжбеты Радзівіл у Беларусь у 2009 годзе былі прадстаўнічыя – сустрэчы зь міністрам культуры, прыёмы на афіцыйным узроўні ў музэях, архівах, амбасадзе, пільная ўвага журналістаў. У наступныя візыты пані Эльжбета, якая цяпер мае 94 гады й зьяўляецца апошняй прадстаўніцай адроджанай Нясьвіскай лініі Радзівілаў, змагла бліжэй азнаёміцца зь сямейнымі дакумэнтамі й кнігамі, што захоўваюцца ў Менску. Вось і ў гэты прыезд пані Эльжбета вылучыла цэлы дзень, каб наведаць спачатку Нацыянальную бібліятэку Беларусі, а потым – Навуковую бібліятэку імя Якуба Коласа Акадэміі Навук.


Ці ўдалося пані Эльжбеце адшукаць тут кнігі, якія яна запомніла яшчэ зь дзяцінства ды юнацтва?

Эльжбета Радзівіл: Так, некаторыя там удалося знайсьці. Ня ўсе, але некаторыя ўдалося…

Загадчыца сэктара кнігазнаўства адзьдзела рэдкіх кніг і рукапісаў Навуковай бібліятэкі Алена Цітавец кажа, што ўвага Эльжбеты Радзівіл да іхнай бібліятэкі цалкам апраўданая.

Алена Цітавец: У нас захоўваецца большая частка кніжнага збору Радзівілаў. Найстарэйшыя кнігі – канца XV стагодзьдзя. Гэта яе сям’я, яе ўспаміны – кнігі, якія яна бачыла ў дзяцінстве, яны зьвязаныя зь яе сваякамі, з бацькамі.

Спадарыня Алена прызнаецца, што пані Эльжбета зрабіла на супрацоўнікаў бібліятэкі выбітнае ўражаньне.

Алена Цітавец: Вельмі вялікае ўражаньне яна пакінула ў нас. Уразіла тым, што ў свае 94 гады яна такая энэргічная, жыцьцярадасная, актыўна вандруе па сьвеце, столькі ведае!.. Уразіла сваёй актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй – мае ўласны погляд па ўсіх пытаньнях!

Кожны раз, наведваючы бібліятэку, Эльжбета Радзівіл спыняецца на нечым канкрэтным. Бо агледзець усе сотні кніг немагчыма.

Алена Цітавец: На гэты раз яе цікавілі кнігі на францускай мове ХІХ – пачатку ХХ стагодзьдзя. Яе цікавілі кнігі са збору яе прабабкі Марыі дэ Кастэлян, супругі Антонія Радзівіла – апошняя бібліятэка, якая знаходзілася ў Нясьвіжы да 1930-х гадоў.

У свае 94 гады пані Эльжбета захоўвае цудоўнае пачуццё гумару, лёгка жартуе й адчувае жарты. Не абыйшлося бяз гэтага й цяпер.

Алена Цітавец: Былі вясёлыя моманты. Яна зьвярнула ўвагу на кнігу “Парады жанчынам, як быць каханай”. Гэтая кніга была выдадзеная ў Парыжы ў 1886 годзе. Яна параіла нам перакласьці гэтую кнігу на беларускую мову й выдаць – каб сучасныя беларускі чыталі й прымянялі на практыцы тыя парады.

Штораз, калі Эльжбета Радзівіл бачыць у Менску карціны ці кнігі з замка, яна безапеляцыйна кажа, што гэта “скрадзена ў Радзівілаў” і мусіць вярнуцца ў сям’ю. Гэты раз ня стаў выключэньнем.

Алена Цітавец: Гэта было, але ў нас на гэты конт іншае меркаваньне. Але пераўпэўніць пані Эльжбету… складана!

Некалькі кніг зь бібліятэкі свае прабабкі Марыі дэ Кастэлян пані Эльжбета папрасіла скапіяваць – каб мець магчымасьць спакойна пачытаць іх дома. Алена Цітавец кажа, што гэта будзе зроблена ў найбліжэйшы час.

Алена Цітавец: Так, мы з задавальненьнем зробім электронныя копіі. І спадзяемся на новыя сустрэчы, на працяг супрацоўніцтва. Бо пані Эльжбета робіць вельмі карысныя й цікавыя заўвагі для нас – адносна кніг, адносна асобаў, якія там згадваюцца, адносна запісаў, якія рабілі розныя прадстаўнікі сям’і Радзівілаў на кнігах.

Унікальнасьць пані Эльжбеты ў тым, што нават вопытны дасьледчык не заўсёды расшыфруе, скажам, нейкі надпіс алоўкам на кнізе. Бо трэба мець канктэкст часу – і гэты кантэкст жыве ў памяці апошняй нясьвіскай гаспадыні.

Алена Цітавец: Падчас гэтай сустрэчы пані Эльжбета пабачыла візытоўку, укладзеную ў кнігу. Яна адразу прыгадала, што гэта за людзі, распавяла пра іх, прывяла моманты з жыцьця. Гэта вельмі карысна! Адкуль мы яшчэ даведаемся пра гэта?..

Правёўшы ў бібліятэцы колькі гадзін, пані Эльжбета знайшла шмат цікавых кніг – некаторыя зь іх яна зноў узяла ў рукі праз 80 гадоў. Аднак ня ўсе кнігі ўдалося адшукаць.

Эльжбета Радзівіл:
Я хацела б знайсьці ўспаміны Луізы Прускай, жонкі Антонія Радзівіла – гэтую кнігу выдала Марыя дэ Кастэлян, жонка іншага Антонія Радзівіла, унука першага Антонія. І ўспаміны самой Марыі дэ Кастэлян таксама.

Гэта значыць адное – супрацоўнікам Навуковай бібліятэкі варта зноў чакаць у госьці княгіню Эльжбету Радзівіл. Сямейныя традыцыі – магутная рэч. І калі пані Эльжбета жадае знайсьці кнігу свае прабабкі – яна будзе вяртацца зноў і зноў, каб зрабіць гэта.

Арцём Багданаў, Менск

Фота аўтара

Фота
  • Фота 1/5
  • Фота 2/5
  • Фота 3/5
  • Фота 4/5
  • Фота 5/5

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё