ТБМ заклікае бараніць “Раніцу”

ТБМ заклікае бараніць “Раніцу”


Адзіная беларускамоўная газэта для дзяцей пераўтвараецца ў дадатак “Переходного возраста”.

Адзіная беларускамоўная газэта для дзяцей “Раніца” спыняе існаваньне як самастойнае выданьне й пераўтвараецца ў дадатак расейскамоўнага “Переходного возраста”. Рэдакцыя “Раніцы” абяцае, што газэта будзе таксама выходзіць у Інтэрнэце. Чаму ў Беларусі няма месца прынамсі для адной дзіцячай газэты на роднай мове, высьвятляў Дзьмітры Гурневіч.

Газэта “Раніца” была заснаваная ў 1929 годзе. Тады яна выходзіла пад назвай “Піянер Беларусі”. Газэта заўсёды была беларускамоўнай нават у сталінскія часы. Зачыніць выданьне ў незалежнай Беларусі прымусілі эканамічныя цяжкасьці. Маўляў, газэта была малаакупляльнай і выходзіла невялікім тыражом. Такое тлумачэньне не задавальняе мовазнаўцу Зьмітра Саўку.

З. Саўка: Зьнікненьне любога беларускамоўнага выданьня – гэта ўдар па беларускай прасторы, яе звужэньне. Тут ёсьць яшчэ адзін аспэкт: апроч інтарэсаў чытача, заўсёды ёсьць інтарэсы тых людзей, хто прафэсійна зьвязаны зь беларускамоўным полем. Я маю на ўвазе рэдактараў, карэктараў, журналістаў, якія працавалі для гэтага выданьня па-беларуску. У іх зьнікае поле, у якім яны маглі б выказвацца па-беларуску. Такім чынам яны вымываюцца са сваёй прафэсіі нечым іншым. Можа яны будуць у расейскамоўныя выданьні, а можа пойдуць на будоўлю ці гандаль. Тут страта ня толькі моўная, а страта інтэлектуальнага патэнцыялу грамадзтва.

Мовазнаўцу не суцяшае тлумачэньне выдаўца газэты, што “Раніца” была датаваным выданьнем.

З. Саўка: Мы ведаем, што ёсьць абсалютна датацыйныя мэдыйныя сфэры. Ёсьць абсалютна датацыйнае выданьне “Советская Белоруссия”, якую можна ледзь не пад нагамі знайсьці. Паўмільённы наклад на дзевяцімільённую краіну, у прынцыпе, ня можа раскупіцца й акупіцца. Дзяржава ўвесь час кідае грошы на прапагандысцую літаратуру. З аднаго боку дзяржава робіць усё, каб рабілася менш беларускіх школ, каб не было беларускіх дзіцячых садоў, каб студэнты не вучыліся па-беларуску, каб беларуская мова так і не прыйшла ў дзяржаўныя ўстановы. З другога боку чыноўнікі заяўляюць: “А ў нас ніхто не чытае па-беларуску”. Як людзі будуць чытаць па-беларуску, калі дзяржава робіць усё дзеля таго, каб беларускай мовы ў нашым грамадзтве не было.

У сувязі з закрыцьцём адзінай беларускамоўнай газэты для дзяцей старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў мае намер зьвярнуцца да кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімера Макея.

А. Трусаў: У мяне ёсьць да яго прапанова: ліквідаваць “Знамя юности”, зрабіць дадаткам да “СБ”, а атрыманыя ад гэтага грошы аддаць “Раніцы”. А ёсьць і другі варыянт: аддаць у холдынг “Літаратура й мастацтва”. Гэта таксама эканомія. Можна эканоміць грошы й на “Раніцы”, але ня коштам беларускай мовы.

Спадар Трусаў перакананы, што ня ўсё яшчэ страчана й заклікае неабыякавых грамадзян пісаць лісты з патрабаваньнем пакінуць “Раніцу” самастойнай газэтай.

А. Трусаў: Усё залежыць ад нас з вамі. Трэба мабілізоўваць грамадзтва, у тым ліку й слухачоў Польскага радыё, каб пісалі лісты ў Адміністрацыю прэзыдэнта й міністру адукацыі, каб “Раніцу” пакінулі. І калі мы арганізуем некалькі соцень альбо тысяч лістоў, то “Раніца” будзе жыць. У свой час ТБМ абараніла “Бярозку”, і яе вярнулі. Усё залежыць ад нас з вамі.

“Раніца” выдавалася 81 год, на ёй выхоўваліся пакаленьні беларусаў. Асабліва папулярнай газэта была сярод вясковых школьнікаў. У гады, калі яшчэ не было інтэрнэту й мабільных тэлефонаў, яна была адзіным даступным выданьнем, якое знаёміла маладых чытачоў з культурай, гісторыяй, сучаснымі моладзевымі плынямі на беларускай мове.

дг

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё