|
|
80-ці гадовы юбілей святкуе сёння знакаміты літаратар, грамадскі дзеяч, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. На рахунку Гілевіча шматлікія літаратурныя выданні, між якіх кнігі паэзіі, зборнікі сатыры і гумару, вершы і паэмы для дзяцей, публіцыстыка, літаратуразнаўчыя і фалькларыстычныя творы ды пераклады замежнай літаратуры на беларускую мову.
У дадзены момант Ніл Сымонавіч цяжка хворы, але на святочную дату не забываюцца прыхільнікі паэта ды шматлікія беларускія грамадскія і культурніцкія дзеячы, між якіх старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, Алесь Пашкевіч:
- Такіх людзей на Беларусі адзінкі, таму кожны дзень варты самых сонечных, самы цёплых і сардэчных згадак пра такіх постацяў, як Ніл Сымонавіч. На жаль, я не магу сказаць, як дзяржаўныя інстытуцыі будуць спрычыненыя да ўганаравання юбілея. Што тычыцца грамадскіх арганізацый, аб'яднанняў, такіх як Саюз беларускіх пісьменнікаў, натуральна, усё, што яны змогуць рабіць, будуць рабіць.
Віншаваць з днём народзінаў Ніла Гілевіча будзе не толькі Саюз беларускіх пісьменнікаў, але і іншыя грамадскія і культурніцкія арганізацыі, між якіх Таварыства беларускай мовы, Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» ды іншыя. Пры нагодзе святочнай даты будзе здзейснены шэраг публікацый, выдадзены спецыяльны нумар часопіса «Дзеяслоў». У нядзелю а 17-й гадзіне ў Чырвоным касцёле ў Мінску адбудзецца святочная імша ў гонар 80-ці годдзя Ніла Гілевіча. Ці спрычыняцца да святкавання юбілея народнага паэта дзяржаўныя інстанцыі, невядома.
Фота news.open.by
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя