|
|
Беларускія літаратары падводзяць вынікі наведвання аднаго з найбуйнейшых кніжных кірмашоў Еўропы ў швецкім горадзе Гётэборгу.
На кніжным кірмашы, што прайшоў з 22 па 25 верасня, адбылася прэзентацыя кніг беларускіх аўтараў у перакладзе на швецкую мову, а таксама шэраг прэзентацый, дыскусій і выступленняў. Нягледзячы на тое, што беларусы на кніжны кірмаш былі запрошаныя ў якасці спецыяльных гасцей, павільён, дзе безперапынна адбываліся высупы беларускіх аўтараў і прэзентацыі іх кніг, карыстаўся вялікай папулярнасцю на прыстыжнай літаратурнай падзеі, зазначыў старшыня саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч.
- Беларуская праграма была вельмі насычанай, беларуская літаратурная тэматыка атрымала вялікі рэзананс у шведскіх чытачоў. Былі запоўненыя павільёны, нават бюракратычна-матэматычна па колькасці прададзенай кніжнай прадукцыі беларусы былі лідарамі.
На падобнага маштаба літаратурнай падзеі сучасная беларуская літаратура была прадстаўленая ўпершыню. Кніжны кірмаш у Гётэборгу выглядаў цалкам іначый чым падобныя мерапрыемствы ў Беларусі, зазначыў адзін з беларускіх аўтараў Барыс Пятровіч.
- Такога маштабнага прадстаўнічага кніжнага кірмаша я яшчэ не бачыў у сваім жыцці. Не было нейкай ідэалагічнай зашоранасці, якая ў нас адчуваецца ў кожным моманце, не было гэтых спецадкрыццяў нейкіх, удзелу кіраўнічых асаб, не было вялізнай помпы, але ўсё было вельмі ўрачыста і вельмі прыгожа.
Прынагодна кніжнаму кірмашу ў Гётэборгу былі выдадзеныя кнігі Барыса Пятровіча, Андрэя Хадановіча і Артура Клінава ў перакладах на швецкую мову, а таксама вялікая анталогія сучаснай беларускай літаратуры, дзе творы дзясяткаў беларускіх аўтараў апублікаваныя па-швецку. Адбыўся шэраг выступленняў, прэзентацый і дыскусійных сустрэч.