Адбылася апошняя імпрэза месяца нямецкай літаратуры

Адбылася апошняя імпрэза месяца нямецкай літаратуры


Адбылася апошняя літаратурная імпрэза ў рамках месяца нямецкай літаратуры ў Мінску. Сталіцу Беларусі з выступамі і творчай сустрэчай наведаў малады швейцарскі пісьменнік Йенс Нільзэн.

Заключная імрэза з шэрагу вечарын, прызваных пазнаёміць беларускіх чытачоў з нямецкай літаратурай, традыцыйна прайшла ў кнігарні выдавецтва «ЛогвінаЎ». У вечарыне, апроч галоўнага госця, Йенса Нільзэна, узяла ўдзел перакладчыца Ірына Герасімовіч. Падобныя імпрэзы паказваюць беларускаму чытачу актуальную жывую замежную літаратуру, зазначыў вядоўца сустрэчы, старшыня беларускага ПЭН-цэнтра, паэт Андрэй Хадановіч.

- Увасабленне таго, што такое жывы сучасны аўтар, які чапляе жывога слухача за нейкія кропкі. Гэта такі другі праект пасля месяца польскай літаратуры. Мне хацелася б, каб такіх акцый, такіх сістэмных захадаў на цэлы месяц адбывалася болей. Такі месяц культуры скарачае дыстанцыю паміж кніжкай і чытачом.

У рамках месяца нямецкай літаратуры ў кнігарні выдавецтва «ЛогвінаЎ» адбыўся шэраг літаратурных імпрэз, падчас якіх беларускія чытачы мелі магчымасць пазнаёміцца з сучаснай нямецка літаратурай, працай беларускіх перакладчыкаў, а таксама нямецкімі кінастужкамі. Апроч таго, у рамках праекта адбыўся дзіцячы літаратурны ранішнік на тэму Германіі, былі распаўсюджаныя кнігі нямецкамоўных пісьменнікаў як у беларускамоўных перакладах, так і на мове арыгіналаў. Завяршыўся ж месяц нямецкай літаратуры ў Мінску сустрэчай з швейцарскім пісьменнікам Йенсам Нільзэнам. Усе мерапрыемствы ў рамках месяцу нямецкай літаратуры адбыліся пры падтрымцы інстытута імя Гётэ ў Беларусі.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя